Прыстанак музы песняра

Янка Купала… Калі чую гэта імя, адразу бачу перад сабой зелянеючую з вясны рунь, на якой пазней будзе перашэптвацца налітае золатам жыта. А яшчэ імя песняра для мяне – нібы цуд, і хочацца верыць, што калі-небудзь я ўсё ж адшукаю чароўную папараць-кветку.

Ляўкі – дзівосны куток Аршаншчыны. Тут, на высокай кручы над Дняпром, знайшла прыстанак Купалава муза. У 1935 г. урад Савецкай Беларусі падарыў песняру дачу. Купалу папрасілі самому знайсці па душы сабе месца для яе пабудовы. Дняпроўская круча нібы чакала паэта. Купала вельмі любіў дачу ў Ляўках, няцёсаныя смалістыя бярвенні яе сцен так лагодзілі яго душу і сэрца. Майстар слова прыязджаў сюды кожны год ранняй вясной і заставаўся да позняй восені. У 1941 годзе гэтая дача стала прыстанкам для паэта пасля таго, як згарэў яго дом ў Мінску. Але ж прайшоў тыдзень – і ў выніку варожага артабстрэлу згарэла і дача. Пазней яна была адбудавана. Сёння ў Ляўках працуе філіял Літаратурнага музея Янкі Купалы. Да стагоддзя з дня нараджэння аўтара “Сымона-музыкі” была адкрыта мемарыяльная экспазіцыя і пастаўлены помнік-скульптура “Восень паэта”.

Чым жа так палюбіўся Купалу гэты куточак Аршаншчыны? Як тонка прыкмеціў Алег Лойка, аўтар рамана-эсэ “Як агонь, як вада…”, “цешыла сэрца паэта ў Ляўках і яго новае яднанне з хвалямі жыта, што пераліваліся за хвалямі Дняпра, як іх працяг; цешылі хвалі льноў за Дняпром, якія летам, калышучы пад вятрамі сінія агеньчыкі квету, блакітнелі, а надвосенню – у рыжавата-сонечных галоўках – станавіліся карычнева-залатымі”.

(Продолжение статьи читайте в «Аршанскай газеце» №45 за 21 апреля 2012 года).

Падрыхтавала

Марына СЯМАШКА.

Добавить комментарий