БУДЗЕ АРШАНСКІ “БУКВАР”
Пра гэта паведаміў намеснік старшыні гарвыканкама А. Смірноўскі на творчай сустрэчы бібліятэкараў у сярэдняй школе №8, якая праходзіла ў рамках правядзення традыцыйнага мерапрыемства – кансультатыўнага пункта.
Алег Валер’евіч адзначыў, што менавіта супрацоўніцтва гарвыканкама і аддзела адукацыі з вядомымі пісьменнікамі і педагогамі Трафімавымі паспрыяла такой важнай падзеі, як стварэнне таленавітымі аўтарамі аршанскага “Буквара”, які ўжо рыхтуецца да друку і з’явіцца ў школах да 1 верасня наступнага навучальнага года. Гэта падзея ўнікальная тым, што такога яшчэ няма ні ў адным горадзе рэспублікі. Аршаншчына вельмі багатая на падзеі і факты, на традыцыі і гістарычную спадчыну, у тым ліку і ў кнігавыданні (Куцеінская друкарня, Спірыдон Собаль з яго першым “Букваром”).
З уступным словам да прысутных звярнулася дырэктар школы А. Каровіна. Яна падкрэсліла актуальнасць больш шырокага далучэння школьнікаў да кніг, тым больш, што 2012 год аб’яўлены ў нашай рэспубліцы Годам кнігі.
На сустрэчы прысутнічалі С. Трафімаў і Г. Трафімава, якія ўжо далёка не першы раз сустракаюцца з вучнямі восьмай школы. Дарэчы, дзеці пачатковых класаў набылі для школьнай бібліятэкі каля трыццаці кніг гэтых аўтараў, у тым ліку і з аўтографамі. Трафімавы прэзентавалі свае новыя кнігі “У свеце зялёных цудаў” і “Што гэта за скакуны?”. Пісьменнікі паведамілі, што чакаюць сустрэчы з чытачамі яшчэ шмат новых выданняў. Адно з іх будзе з дзіцячай энцыклапедыі “Здароўе”, а таксама шэраг кніг з серыі “Апавяданні дзеда Прыродаведа”.
Дзеці, што прысутнічалі на кансультатыўным пункце, парадавалі дарослых сваім бачаннем кнігі і адносінамі да яе. Так, чацвёртакласнікі правялі ўрок для вучняў першага класа, расказалі аб гісторыі стварэння кнігі, правілах карыстання ёй, а вучні другога класа ў займальнай і дасціпнай форме прэзентавалі кнігу Трафімавых “Падарожжа ў краіну Здароўя”.
Напрыканцы сустрэчы метадыст аддзела адукацыі Л. Хуцкая падвяла вынікі, адзначыўшы важнасць правядзення такіх мерапрыемстваў, якія спрыяюць рэзультатыўнасці і эфектыўнасці працы школьных бібліятэкараў.
М. КАМАРОЎСКІ.