Нам ззяе ўсмешка матулі
Ад чаго нават у самы пахмурны дзень робіцца светла і цёпла? Што дапамагае нам пераадольваць усе перашкоды і цяжкасці? Канечне, пяшчотнае матуліна слова, яе вочы, напоўненыя дабрынёй, яе вялікае сэрца, сагрэтае бязмежнай любоўю да сваіх крывінак. Мама – найлепшы дарадца, самы надзейны сябра, які ніколі не пакрыўдзіць і не здрадзіць. Для Дар’і, Максіма і Станіслава Масько таксама няма чалавека, даражэйшага за іх любую, мілую матулю Вольгу Віктараўну.
Ткач фабрыкі №2 Аршанскага льнокамбіната Вольга Масько з самотай прызнаецца: “З-за работы вельмі мала часу застаецца на тое, каб пабыць разам з дзецьмі і мужам”. Але тут жа шматдзетная маці не без гордасці дадае: “Старэйшыя Стас і Максім заўсёды з ахвотай дапамагаюць мне, сястрычку Дашаньку ў дзіцячы садок адвядуць і дадому забяруць, калі я не паспяваю”.
Орша – родны горад Вольгі Віктараўны, куточак, любы яе сэрцу. Пасля заканчэння школы наша зямлячка паступіла ў 45-е вучылішча. З 1996 года яе лёс непарыўна звязаны з ільнокамбінатам. Абранаму прафесійнаму шляху не здраджвае і муж Вольгі Аляксандр Васільевіч Масько. З 1995 года ён працуе на заводзе “Чырвоны барацьбіт” гальванікам. Аляксандр Масько – не толькі добры сем’янін, але і выдатны працаўнік. Яго партрэт упрыгожваў Дошку гонару роднага прадпрыемства.
Вольга і Аляксандр Масько стараюцца і сваім дзецям прывіць любоў да той справы, якой яны займаюцца. Шаснаццацігадовы Стас бачыць сябе трэнерам. Трынаццацігадовы Максім яшчэ не вырашыў, з якой прафесіяй звязаць сваю будучыню. Хлопчыкі ўсур’ёз захапляюцца турыстычным спортам, у іх капілцы – шмат грамат. А вось шасцігадовая Даша, любіміца сям’і, з вялікім задавальненнем малюе. Вялікая фантазёрка ледзьве не кожны дзень прыдумвае, кім яна стане: то доктаркай, то спявачкай…
У чым сакрэт вялікай і дружнай сям’і Вольгі і Аляксандра Масько? Усё вельмі проста: трэба заўжды разумець і падтрымліваць адзін аднаго. У рэдкія моманты, калі вялікая сям’я збіраецца разам, усім становіцца ўтульна і весела. Летам Вольга Віктараўна і Аляксандр Васільевіч з дзецьмі любяць бываць у лесе ці ездзіць на возера. На мінулых зімовых канікулах усе разам наведалі бабулю. Чуць звонкі, пранізлівы смех сваіх дзяцей, бачыць іх вочы, з якіх струменіць гарэзлівы агеньчык – ці не гэта найвялікшае шчасце для бацькоў?
Марына СЯМАШКА.
Фота аўтара.
На здымку: Вольга Масько разам з сынамі Максімам і Станіславам і дачушкай Дашанькай.