“Край, імёнамі слаўны”
2012 год увойдзе ў гісторыю краіны як Год кнігі адпаведна Указу Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №618 ад 30 снежня 2011 года. І гэта ставіць перад бібліятэкарамі Аршанскай гарадской цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы адказную задачу – не толькі прапагандаваць кнігу сярод насельніцва, а шляхам мерапрыемстваў павысіць ролю і значнасць кнігі і чытання сярод нашых карыстальнікаў.
Нам вельмі прыемна, што Год кнігі – гэта год напружанай працы, пошука інавацыйных форм работы і цікавых сустрэч. Мы спадзяемся, што менавіта ў гэты год адбудзецца найбольшы прыток карыстальнікаў у бібліятэкі, бо на сёння бібліятэкі – гэта не толькі інфармацыйныя цэнтры, але і самыя наведвальныя сярод устаноў культуры. Адсюль і галоўная роля бібліятэк – накіраваць усю працу на прапаганду беларускай кнігі, лепшых твораў беларускіх пісьменнікаў і мастацтва, садзейнічаць прыцягненню да чытання падлеткаў і моладзі.
Напрыклад, ідэя прапанаваць карыстальнікам бібліятэкі імя М. Горкага кніжную выставу “Край, імёнамі слаўны” пра жыццё і творчасць беларускіх пісьменнікаў Віцебшчыны прыйшла свядома. Задача выставы – зрабіць своеасабліваю панараму літаратурнага жыцця Віцебшчыны, каб кожны карыстальнік меў магчымасць пазнаёміцца з творчай палітрай свайго краю. Найбольш зацікаўленыя чытачы даведаюцца пра жыццё прадстаўленых тут аўтараў, якія ўнеслі вялікі ўклад у скарбонку творчых здабыткаў рэгіёна.
Віцебшчына спрадвеку з’яўлялася кузней літаратурных талентаў. Тут нарадзіліся і данеслі да нас мілагучнае роднае слова тыя, хто стаў гонарам прыгожага беларускага пісьменства.
Пачынаючы ад высакароднага слова Сімяона Полацкага і Еўфрасінні Полацкай, Францыска Скарыны, тут самааддана працавалі Васіль Цяпінскі, Вацлаў Ластоўскі, Спірыдон Собаль.
Віцебскі край узгадаваў Яна Баршчэўскага, Міхася Лынькова, Уладзіміра Дубоўку, Петруся Броўку, Янку Сіпакова, Уладзіміра Караткевіча. Сярод іх ёсць яшчэ і шмат іншых, можа, менш вядомых, але шчырых рупліўцаў роднай літаратуры. Гэта новая змена ў літаратурным жыцці, многія з іх ужо прафесійныя літаратары, іншыя яшчэ знаходзяцца на пачатку літаратурнага шляху, але ўсіх іх яднае любоў да роднага слова і роднай зямлі. На жаль, не ўсе карыстальнікі бібліятэк ведаюць сучасных беларускіх пісьменнікаў.
У сувязі з гэтым з канца 2011 года аддзелам культуры Аршанскага гарвыканкама праводзіўся маніторынг з мэтай выявіць:
– колькі кніг членаў Віцебскага абласнога грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі” знаходзяцца ў фондах централізаванай бібліятэчнай сістэмы;
– наколькі запатрабавана гэта літаратура карыстальнікам ЦБС.
Вынікі маніторынгу паказалі: усяго ў фондах гарадской цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы знаходзіцца 152 назвы кніг у колькасці 1595 асобнікаў кніг членаў Віцебскага аддзялення грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі”.
Самымі папулярнымі аўтарамі з’яўляюцца: Тамара Краснова-Гусачэнка, Галіна і Сяргей Трафімавы, Генадзій Казак, Рыгор Лазуркін, Анатоль Прохараў, Ігар Пракаповіч, Барыс Беляжэнка, Канстанцін Нілаў, Вольга Русілка, Алег Салтук, Надзея Стаховіч.
Прааналізаваўшы работу з беларускай кнігай, было прынята рашэнне аб актывізацыі супрацоўніцтва з Віцебскім аддзяленнем грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі” – прапаганда кніг беларускіх аўтараў праз кніжныя выставы і цікавыя сустрэчы з пісьменікамі.
У сувязі з гэтым супрацоўнікі бібліятэкі імя М. Горкага адрасавалі кніжную выставу “Край, імёнамі слаўны” беларускім пісьменнікам. Бібліятэкары зрабілі гэткую прэзентацыю, каб прыблізіць нашых чытачоў да знаёмства з гэтымі літаратарамі, тым больш, што яны з’яўляюцца членамі Віцебскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі”.
Кніжная выстава мае чатыры раздзелы:
“Пісьменнікі Віцебшчыны”, у якім наш чытач мае магчымасць пазнаёміцца з творчасцю такіх аўтараў, як Тамара Краснова-Гусачэнка, якая з’яўляецца старшынёй Віцебскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання “Союз пісьменнікаў Беларусі”. Яна лаўрэат літаратурнай прэміі імя С. Полацкага, Усерасійскай літаратурнай прэміі імя Ф. Цютчава, літаратурнай прэміі імя У. Караткевіча.
На выставе асобна прадстаўлены паэтычныя зборнікі Тамары Красновай-Гусачэнкі: “Осень молодая”, “Белое пламя листа”, “Спас”, а верш “Молитва” найбольш палюбіўся чытачам.
Паэтычны зборнік “У света тени нет” (трилогия любви) карыстаецца попытам сярод наведвальнікаў бібліятэкі і з моманту паступлення ў фонды ЦБС выдаваўся звыш за 40 разоў.
Таксама прапануем чытачам кнiгi пiсьменнiка Уладзіміра Уладзіміравіча Сауліча (уласнага карэспандэнта газеты “Віцебскі рабочы”, пісьменніка, лаўрэата прэміі “Залатое пяро”). Напрыклад, яго кніга “Антэі Прыдзвіння” – гэта зборнік апавяданняў пра сучасную вёску, пра людзей, якія там жывуць, іх сялянскія праблемы, пра тое, як яны іх вырашаюць. Чытач пазнаёміцца і з рознымі героямі, разам з імі будзе і смяяцца, і пападаць у трагічную сітуацыю. А каханне? Яно таксама жыве ў сэрцы кожнага вяскоўца.
Не менш цікавым будзе знаёмства і з кнігай Генадзія Іванавіча Катлярова, які скончыў наш Аршанскі тэхнікум чыгуначнага транспарту. А яго новая кніга “Хроника вражды” будзе цікавай для тых карыстальнікаў, хто любіць чытаць пра каханне, пра адносіны паміж жанчынай і мужчынай, дзе існуюць і вернасць, і здрада.
Краязнаўцам мы прапануем кнігі Ігара Пракаповіча: “Парфорснае паляванне ў Паставах” (споведзь пра малавядомыя старонкі дзейнасці ў Паставах у пачатку ХХ стагоддзя Вышэйшай практычнай кавалерыйскай школы, у якой навучаліся знакамітыя гістарычныя асобы, такія, як А. Брусілаў – вядомы рускі генерал, атаман П. Красноў і г.д.) і “Пошукі забытага шляху” (распавядаецца пра старадаўні водны шлях, які праходзіў праз рэкі Дзвіна, Дзісна, Нарачанка, Вілія).
Чытачы, якія цікавяцца беларускай паэзіяй, змогуць адкрыць для сябе такіх аўтараў, як Алесь Жыгуноў (“Ля цяпельца зары”), Вольга Русілка (“Ажына”), Алег Салтук (“На вейцы веку”).
Усіх паэтаў, прадстаўленых на кніжнай выставе, яднае любоў да родных мясцін, Беларусі, каханне да блізкіх людзей, маці, роднай мовы.
Кнігі гэтых паэтаў чытач знойдзе ў другім раздзеле кніжнай выставы – “Беларусь у маім сэрцы. Паэзія Віцебшчыны”.
Мы імкнуліся нагадаць нашым карыстальнікам аб пісьменніках, якія нарадзіліся ў Оршы, на жаль, многіх ужо няма сярод нас. Мы прысвяцілі гэтым пісьменнікам трэці раздзел выставы: “Я – родам з Аршаншчыны!”. Тут размясціліся кнігі Янкі Сіпакова (“Ахвярны двор”, “Зялёны лісток на планеце Зямля”), Генадзія Казака ( “Солнце моё Беларусь”), Канстанціна Нілава (“Души и сердца камертон”). Усе творы прысвечаны Беларусі.
Мы ганарымся, што многія кнігі – гэта падарункі саміх аўтараў з аўтографамі.
Чытач можа заўважыць, што на гэтай паліцы ёсць таксама кнігі нашага славутага зямляка Уладзіміра Караткевіча, і гэта невыпадкова: для многіх пісьменнікаў, кнігі якіх мы прапануем нашым чытачам, У. Караткевіч – светач у беларускай літаратуры. І нездарма, шмат пісьменнікаў з Віцебшчыны – лаўрэаты прэміі імя У. Караткевіча (Б. Беляжэнка, А. Жыгуноў, Г. Катляроў, В. Русілка і іншыя).
Нашы землякі адрасуюць свае кнігі дзецям. Тут трэба сказаць пра пісьменнікаў Галіну і Сяргея Трафімавых, кніжкі якіх – гэта дапаможнікі па ўсіх галінах ведаў у дапамогу вучэбнаму працэсу (“Звездные загадки”, “Азбука юного пешехода”, “Азбука юного пассажира”, “Они не должны исчезнуть”, “Детям о СПИДе и докторе Неболите”). Мы запрашаем не толькі вучняў, але і іх бацькоў падабраць якую-небудзь кнігу для чытання ў чацвёртым радзеле кніжнай выставы: “Пісьменнікі – дзецям”.
Спадзяемся, дарагія нашы чытачы, што беларускае жывое, адметнае, сакавітае слова і сёння з’яўляецца невычэрпнаю крыніцай для тых, хто любіць беларускую літаратуру і ганарыцца родным словам.
Калектыў бібліятэкі вельмі ўдзячны начальніку аддзела культуры Аршанскага гарвыканкама Ганне Аляксандраўне Святловай за прапанову арганізаваць для нашых карыстальнікаў гэтую кніжную выставу.
В. Лукашова,
загадчыца бібліятэкі імя М. Горкага.
Фота з архіва аддзела культуры Аршанскага гарвыканкама.