НЕ ДАЎ ЗГАСНУЦЬ СКАРЫНАЎСКАМУ АГНЮ

У гэтым годзе спаўняецца 380 год, як I. Труцэвічам была ўзначалена Куцеінская друкарня. Ён не толькі заснавальнік Куцеінскага манастыра, але і друкар, пісьменнік, грамадскі і культурны дзеяч. У свой час яго залічылі да ліку святых людзей 17 ст.

Сёння ў Оршы адна з вуліц у Задняпроўі носіць імя Іаіля Труцэвіча. Біяграфічных звестак пра яго амаль няма. Невядомы нават час і месца нараджэння. Лічаць, што з’явіўся на свет ён на Магілёўшчыне, магчыма, у самім Магілёве, дзе прайшлі яго дзяцінства і юнацтва.

У другой чвэрці XVII ст. ён стаў членам Магілёўскага Богаяўленскага брацтва. З маладосці Труцэвіч актыўна займаўся рэлігійнай і асветніцкай дзейнасцю, чым звярнуў на сябе ўвагу вышэйшага праваслаўнага духавенства і свецкіх патрыётаў Белай Русі.

У вельмі складаных рэлігійных умовах у Труцэвіча нарадзілася думка заснаваць цэнтр сваёй дзейнасці побач з Оршай, у маёнтку буйнога беларускага праваслаўнага феадала Багдана Статкевіча. Грамата на гэта ад Іерусалімскага патрыярха Феафана была атрымана ў 1620 г. Работы пачаліся, і ў 1626 г. былі ўзведзены Святадухаўская царква і іншыя манастырскія пабудовы. Будаўніцтвам увесь час кіраваў сам Труцэвіч. Ён змог пераканаць буйных праваслаўных феадалаў у неабходнасці стварэння цэлай серыі манастыроў як апорных пунктаў праваслаўя.

Апрача Куцеінскага Богаяўленскага манастыра намаганнямі Труцэвіча ў 1630-х-пачатку 40-х г. былі пабудаваны Куцеінскі Успенскі, Буйніцкі, Святадухаўскі, Тупічэўскі Святадухаўскі, Баркалабаўскі манастыры. Шмат увагі надаваў Труцэвіч арганізацыі жыцця і дзейнасці створаных культавых устаноў. Як ігумен галоўнага Куцеінскага манастыра, ён адначасова з’яўляўся кіраўніком усіх манастыроў. Усе яны хутка ўмацоўваліся і набывалі папулярнасць. Куцеінскі манастыр, як найбольш паважаны і багаты, усё часцей называлі Беларускай лаўрай.

Ігумен не абмяжоўваўся рэлігійнай дзейнасцю, разам са сваімі аднадумцамі шмат зрабіў для пашырэння асветы. Пры яго актыўным удзеле былі створаны брацкія школы ў галоўным Куцеінскім, а таксама ў Тупічэўскім манастырах. Куцеінскія манахі дапамагалі школе пры манастыры Раства Багародзіцы. Стварэнне такіх школ было справай небяспечнай і цяжкай з прычыны забароны іх уладамі.

Пры навучанні не хапала самага галоўнага – кніг. Патрэбна была свая друкарня. У яе неабходнасці Труцэвіч змог пераканаць Б. Статкевіча, а таксама іншых праваслаўных феадалаў і нават Кіеўскага мітрапаліта Пятра Магілу. Для адкрыцця друкарні ў Куцейне меліся адносна добрыя ўмовы. У Магілёве І. Труцэвіч пазнаёміўся з беларускім друкаром Спірыдонам Собалем, якога было вырашана запрасіць у Куцейну. Арганізацыйнымі пытаннямі займаўся непасрэдна ігумен. Ён падбіраў да друку кнігі. Кожная ўтрымлівала прадмову, аўтарам большасці іх быў Іаіль. Ён добра валодаў беларускай мовай і настойваў, каб кнігі выдаваліся на ёй. Пасля ад’езду С. Собаля Труцэвіч прадоўжыў выдавецкую справу самастойна, аршанскія друкары выдалі яшчэ 17 кніг. Прадмовы да іх на беларускай і царкоўна-славянскай мовах пісаў Іаіль. Пад яго рэдакцыяй выйшлі “Лексікон славянароскі” Памвы Бярынды (1653), “Трэфалагіён” (1647), “Брашна духоўнае” (1639), “Діоптра” (1651), іншыя выданні.

Памёр І. Труцэвіч у 1654 г. падчас пераезду Куцеінскай друкарні ў Іверскі манастыр пад Ноўгарад. Пахавалі яго ў цвінтары Іверскага манастыра. Іаіль Труцэвіч шмат зрабіў дзеля захавання народнай культуры. Гэта быў чалавек, які сумленна пранёс факел, запалены ад нязгаснага скарынаўскага агню.

С. ІЗІМАВА,

загадчык музея гісторыі і культуры горада Оршы.

Добавить комментарий