Запрашаем у казачнае падарожжа
Моцныя маразы заставілі большасць аршанцаў праводзіць вольны час не на свежым паветры, а хавацца ад холаду дома. Лепшы адпачынак у доўгія зімовыя вечары – чытанне. Хутка вучні 1-2 класаў пойдуць на канікулы. Каб адпачываць было весялей, малодшыя школьнікі могуць пачытаць цікавыя кнігі. У дзіцячай бібліятэцы імя У. Караткевіча юным аршанцам прапануюць кніжныя навінкі беларускіх аўтараў.
Анатоль БУТЭВІЧ. Прыгоды Віруса Шкодзі: незвычайныя казка пра караля Віндаўса Вялікага, Віруса Шкодзю і чароўныя камп’ютары.
Выданне прызначана для малодшых школьнікаў. У сучаснай казцы (кніга выйшла ў серыі “Казкі ХХІ стагоддзя”) распавядаецца пра Віруса Шкодзю. Карыстальнікі камп’ютараў, несумненна, неаднойчы сутыкаліся з праблемамі, якія стварылі камп’ютарныя вірусы. Анатоль Бутэвіч расказвае пра незвычайныя прыгоды і адмысловыя штукарствы хітрага, вераломнага, часам наіўнага і нават закаханага Віруса Шкодзю, які нароўні з добрым каралём Віндаўсам Вялікім творыць свае няўдзячныя справы. Казка вучыць не траціць пільнасць, каб не апынуцца ў адно імгненне ў растаўленых Вірусам сетках. Выданне пацешыць юных чытачоў, а таксама дарослых, падаруе радасць ад сустрэчы з захапляльнай кнігай. Таму адкладзіце ўбок камп’ютарную мышку і вазьміце ў рукі казку.
Наталля ІГНАЦЕНКА. Казачныя падарожжы з прыгодамі.
Маленькія чытачы на старонках гэтай кнігі прачытаюць пра казачныя падарожжы непаседлівых хлопчыкаў і дзяўчынак, маленькіх мышанят і іх сяброў. Тры цікавыя аповеды (“Зімовая прыгода двух братоў”, “Пра Варвару”, “Казка пра Цімку і Кузьку”) пераклала з рускай мовы беларуская паэтэса Раіса Баравікова. Юным аматарам літаратуры, несумненна, спадабаецца і вонкавы выгляд выдання. Каляровыя малюнкі, вокладка з марозным узорам, добрая папера – ад сустрэчы з гэтай кнігай у вас застануцца найлепшыя ўражанні.
Касмічная кніга ў творах беларускіх пісьменнікаў.
Школьнікам даўно палюбіліся зборнікі, у якія ўвайшлі творы беларускіх пісьменнікаў, – “Чырвоная…”, “Лясная…”, “Блакітная…”. І вось выйшла новая кніга з гэтай серыі – “Касмічная…”. Мастачка Марыя Міцкевіч выдатна аформіла зборнік, у выніку атрымаўся сапраўдны шэдэўр.
У кнігу ўвайшлі творы Алены Масла, Алеся Карлюкевіча, Алеся Марціновіча, Уладзіміра Ліпскага, Раісы Баравіковай, Янкі Сіпакова і іншых беларускіх пісьменнікаў. Казкі, фантастычныя апавяданні, артыкулы пра знакамітых людзей, якія так ці інакш звязаны з космасам, умясціліся ў чатыры раздзелы, дзе кожная старонка здзіўляе і захапляе!
Падрыхтавала
Марына МАРЫНІНА.