Жыццялюб, фантазёр і рамантык відушчы…
У Оршы праходзіць тыдзень памяці нашага земляка – паэта, пісьменніка, драматурга, публіцыста Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча. З 20 па 27 лістапада ў Оршы адбудзецца шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных 81-й гадавіне з дня нараджэння беларускага Вальтэра Скота.
У мінулую нядзелю ў аршанскім музеі У. Караткевіча было шматлюдна. Тут прайшоў вечар памяці паэтэсы Людмілы Сынцаровай “Як хачу я застацца адзіным тваім успамінам”.
Учора ў музеі У. Караткевіча аршанцы сустрэліся з супрацоўнікамі часопіса “Маладосць” – журналістам В. Кавалёвым і паэтэсай Вікторыяй Трэнас.
У пятніцу а пятай гадзіне вечара ў музеі Уладзіміра Сямёнавіча адбудзецца прэзентацыя кнігі Канстанціна Нілава “Душы і сэрца камертон”.
У дзень нараджэння аўтара “Ладдзі Роспачы” ў музеі пройдзе акцыя “У госці да Уладзіміра Караткевіча” – дзень адчыненых дзвярэй.
Добрай традыцыяй сталі літаратурныя чытанні “І не знікаць паэтам вечна!”, якія праходзяць каля помніка Уладзіміру Сямёнавічу 26 лістапада, у дзень яго нараджэння. У адзінаццаць гадзін у Дзіцячым парку “Казачная краіна” будуць гучаць вершы класіка беларускай літаратуры.
У нядзелю, 27 лістапада, у 15.00 у музеі У. Караткевіча маладыя літаратары і прыхільнікі паэзіі збяруцца на літаратурна-музычнай гасцёўні “Плынь разняволеных пачуццяў”.
Супрацоўнікі Аршанскага музея У. Караткевіча з 25 па 29 лістапада правядуць для ўсіх жадаючых цікавыя экскурсіі па горадзе, падчас якіх можна наведаць мясціны, звязаныя з жыццём і творчасцю Уладзіміра Сямёнавіча.
Пісьменнік незвычайнага таленту, Уладзімір Караткевіч пакінуў нам, нашчадкам, каштоўную спадчыну. Наўрад ці можна знайсці такі жанр, у якім бы ні паспрабаваў свае творчыя сілы наш зямляк. Паэзія, гістарычная, прыгодніцкая і дэтэктыўная проза, дзіцячыя казкі, кінасцэнарыі, драматургія, эсэ, пераклады, лібрэта да оперы – Караткевіч ва ўсім быў на вышыні. Яго творы прасякнуты асаблівай энергетыкай, яны абуджаюць у чытача лепшыя пачуцці і прымушаюць паразважаць, задумацца. А ці не гэта галоўная мэта мастацтва? Мастак Караткевіч (дарэчы, і маляваў Уладзімір Сямёнавіч надта добра) і сёння побач з намі. Творы беларускага Вальтэра Скота “жывуць” на тэатральных падмостках, натхняюць кінарэжысёраў. Хутка выйдзе самы поўны, 25-томны збор твораў пісьменніка. Прыхільнікі таленту аршанскага песняра яшчэ могуць аформіць падпіску на гэта выданне.
На зямлі пад белымі крыламі Караткевічу паставілі некалькі помнікаў. А не так даўно ў Кіеве, горадзе студэнцтва пісьменніка, таксама з’явіўся помнік Уладзіміру Сямёнавічу. Ён створаны беларускімі скульптарамі Канстанцінам Селіханавым, Алегам Варвашэнем і архітэктарам Аляксандрам Корбутам. Уладзімір Караткевіч стаіць каля раскрытай кнігі, на старонцы якой – яго верш на беларускай і ўкраінскай мовах.
Падрыхтавала Марына СЯМАШКА.