ДЗЯКУЙ ЗА ЎРАДЖАЙ!

ГЕРОІ ЖНІВА

Апошнія некалькі дзён на ААТ “Маяк Высокае” толькі і абмяркоўваюць премную навіну. Героі сёлетняй уборачнай кампаніі трактарыст-машыніст Мікалай Нікіценкаў (на здымку справа) і старшы аператар зернесушыльнага комплексу Сяргей Іваноў (на здымку злева) у складзе дэлегацыі Аршанскага раёна адправяцца на “Дажынкі” ў Маладзечна.

Не хавае радасці за сваіх падначаленых і сам дырэктар прадпрыемства Рыгор Фалько. Ён з задавальненнем расказвае пра поспехі кожнага з іх:

“Мікалай Нікіценкаў працуе ў нашай гаспадарцы ўжо 30 гадоў. Без перабольшвання скажу, ён – прафесіянал сваёй справы. Падчас вясенне-палявых работ пасеяў 599 гектараў яравых зерневых і 359 гектараў кукурузы. У перыяд нарыхтоўкі кармоў перавёз 10504 тоны зялёнай масы і быў прызнаны пераможцам рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод вадзіцеляў, якія забяспечвалі максімальныя аб’ёмы перавозкі травяных кармоў. Добра працаваў і на восеньскай пасяўной кампаніі, пасеяў 397 гектараў азімых культур.

Прыемна, што пераможцам рэспубліканскага спаборніцтва сярод аператараў зернесушыльных установак выйшаў наш малады работнік Сяргей Іваноў. На нашым прадпрыемстве ён працуе з 2003 года, з’яўляецца механікам жывёлагадоўчага комплексу, што ў вёсцы Купёлка, а ў перыяд уборачнай кампаніі заўсёды задзейнічаны на сушцы зерня. Мы смела давяраем яму гэту справу, бо ведаем, што Сяргей вельмі адказна ставіцца да ўсіх даручэнняў. І ён у чарговы раз апраўдаў давер усяго калектыву. Брыгада пад яго кіраўніцтвам сёлета высушыла 6300 тон зерня новага ўраджаю”.

БАГАТЫ ГОД

На “Дажынкі” ў Маладзечна збіраюцца генеральны дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства “Аршанскі райаграсервіс” Васіль Гароднікаў, галоўны аграном Анатоль Дробышаў (на здымку злева) і малады вадзіцель Ігар Марозаў (на здымку справа).


Працаўнікі ААТ “Аршанскі райаграсервіс” сёлета на жніве з плошчы 1240 гектараў пры ўраджайнасці 57,5 цэнтнера з гектара намалацілі 7132 тоны зерня, што на 16,2 ц/га вышэй мінулагодняга паказчыка. Гэта дазволіла сельгаспрадпрыемству выйсці ў вобласці на другое месца. Трэцяе прызавое месца на Віцебшчыне ў райаграсервіса і па нарыхтоўцы кармоў (тут нарыхтавана 30 кармавых адзінак на адну ўмоўную галаву ДРС). “Гэты год для нас багаты на ўраджай, – адзначае генеральны дырэктар ААТ “Аршанскі райаграсервіс” Васіль Гароднікаў. – Добра працавалі ўсе – экіпажы камбайнераў, вадзіцелі на адвозцы зерня, аператары зернесушыльнага комплексу і ўсе, хто быў задзейнічаны ва ўборцы ўраджаю. Асабліва хочацца павінша­ваць маладога вадзіцеля Ігара Марозава, які на сваім старэнькім САЗ-3507 перавёз 1004,5 тоны зерня і выйшаў у прызёры рэспубліканскіх “Дажынак”.

Настасся ТУРОК.

Фота аўтара.

Добавить комментарий