Лялечная казка родам з маленства
Лялька – першая цацка дзіцяці. Яна вядома з глыбокай старажытнасці і з’яўляецца на свет пры дапамозе майстэрства і фантазіі свайго стваральніка. Лялька ўвасабляе ў сваім вобразе самабытнасць і культурныя традыцыі народа. У старажытнасці яна служыла татэмам. Потым людзі выкарыстоўвалі ляльку ў розных абрадах, варта ўзгадаць святкаванне Масленіцы. Пазней лялька стала дзіцячай цацкай.
У першы дзень верасня ў музеі Уладзіміра Караткевіча пачала працаваць выстава “Лялькі”, на якой прадстаўлены работы майстроў Алены і Любові Конюшкаў (на здымках). Маці з дачкой зацікавіліся дзівоснымі цацкамі тры гады таму, калі ў сям’і здарылася трагедыя – дачка атрымала інваліднасць. Раней адносін да творчасці жанчыны не мелі, Алена атрымала эканамічную адукацыю, Любоў – геолаг. Як многія прадстаўніцы прыгожай палавіны чалавецтва, маці з дачкой цудоўна вязалі і шылі. Каб супрацьстаяць бядзе, сталі шукаць выйсце. І знайшлі занятак, які дапамог запоўніць пустэчу ў душы і стаў дадатковым прыбыткам для сям’і. Спачатку займаліся лозапляценнем, нейкі час стваралі прыгожыя рэчы з бісеру. Аднойчы па тэлебачанні паглядзелі праграму пра лялечны дызайн. Ідэя спадабалася жанчынам, вырашылі заняцца такімі цацкамі.
Спосабаў стварэння лялек вялікае мноства. Любоў Пятроўна і Алена аддалі перавагу скульптурна-тэкстыльнай тэхніцы. Для сваіх вырабаў жанчыны выкарыстоўваюць ніткі, капрон, сінтэпон, бісер, тканіны. Шмат якія дэталі робяць з прыродных матэрыялаў: бярозавых галінак, шышак, кавалкаў дрэва, саломкі. Пачыналі майстрыхі з абярэгаў, мэта якіх – дапамагчы пазбавіцца ад хваробаў і бед. Потым з’явіліся Бабкі Ёжкі. Дарэчы, гэты фальклорны персанаж – любімы вобраз маці з дачкой. У старажытнасці Баба Яга, якой сёння пужаюць малых дзяцей, была ўвасабленнем розуму і мудрасці, спагадлівасці і дабрыні. Яна дапамагала тым, хто заблудзіўся ў дарозе. Любоў Конюшка захацела “рэабілітаваць” гэты вобраз. Першыя экземпляры былі выстаўлены ў Горадзе майстроў на “Славянскім базары” і адразу знайшлі сваіх пакупнікоў.
Кожная лялька Алены і Любові Конюшкаў непаўторная. Менавіта таму віцебскія майстрыхі не робяць работы на заказ. У выставачнай зале музея У. Караткевіча наведвальнікі ўбачаць сорак адну дзівосную ляльку. Прыгажунь сярод іх няма. Часцей сустракаецца тыпаж людзей сталага ўзросту з характэрнымі для стылю дэталямі: буйны нос, вусны, шчокі, глыбокія маршчыны. Увогуле, перабольшванне вельмі характэрна для лялечнай справы. Чаму менавіта такія вобразы вабяць аўтараў? Напэўна, таму, што сталыя людзі – гэта захавальнікі народных традыцый, носьбіты мудрасці, жыццёвага вопыту, ведаў.
Лялькі маці і дачкі – гэта сапраўдныя скульптуры з тэкстылю. Каб казка ажыла, майстрыхам патрэбна быць цырульнікам і мадэльерам, мастаком і скульптарам. Дызайнам аддзення займаецца Алена. На выставе прадстаўлена кампазіцыя, навеяная ўспамінамі пра бацькоў, пад назвай “Пасядзім павохкаем”, а таксама “Вячоркі”, “Залатая восень”, “На Івана Купалу”, “Весела разам”. Многія лялькі апрануты ў нацыянальныя беларускія касцюмы. Нямала вобразаў узяты з фальклору. Наведвальнік выставы зможа ўбачыць на свае вочы лазніка з драўляным тазікам, дамавога Кузю ў кавуне, Бабак Ёжак, каларытнага мужычка-дамавічка, удзельнікаў Купалля і вячорак. Любоў Пятроўна і Алена прапанавалі жыхарам і гасцям Оршы лялькі-грэлкі на чайнік. На выставе вы ўбачыце, як выглядае спадарыня удача, а серыя лялек-абярэгаў пазнаёміць з бярозавым ахоўнікам, анёлам і яго сяброўкамі.
Дзівосны свет лялек Алены і Любові Конюшкаў захапляе і ўражвае. Выстава будзе цікавай і для дзяцей, і для дарослых. Экспазіцыю можна ўбачыць у музеі У. Караткевіча да канца верасня.
Марына СЯМАШКА.
Фота аўтара.