Сакрэт поспеху Аляксандра Краўчэні
Напярэдадні свайго прафесійнага свята Аляксандр Рыгоравіч КРАЎЧЭНЯ (на здымку), загадчык стаматалагічнага аддзялення паліклінікі №2, атрымаў прыемную вестку. Яго партрэт будзе ўпрыгожваць гарадскую Дошку гонару, якая адкрыецца падчас святкавання юбілею Оршы.
Аляксандр Рыгоравіч яшчэ ў дзяцінстве вырашыў, што звяжа свой жыццёвы шлях з медыцынай. Нарадзіўся хлопец на Беларускім Палессі – у Жыткавіцкім раёне Гомельскай вобласці. Яго бацька мужна абараняў Радзіму ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Але жорсткі лёс распарадзіўся па-свойму: Вялікая Айчынная вайна зрабіла Рыгора Краўчэню інвалідам. Сыну Аляксандру вельмі хацелася дапамагчы яму. І таму ён абраў самую гуманную прафесію – стаў доктарам.
Так юнак з Палесся трапіў у сталіцу. Тут ён скончыў Мінскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, атрымаў спецыяльнасць “Стаматалогія”. Наперадзе была інтэрнатура на базе Віцебскага медыцынскага інстытута. З цеплынёй Аляксандр Рыгоравіч успамінае свайго першага настаўніка па сківічна-тварнай хірургіі Генадзя Рвачова і хірурга Віцебскай абласной стаматалагічнай паліклінікі Надзею Драздову, якія дапамагалі навучыцца нялёгкай справе, давалі парады і падтрымлівалі маладого ўрача-інтэрна.
У Оршу, горад, дзе не было ніводнага знаёмага, Аляксандр Рыгоравіч трапіў у 1978 годзе па размеркаванні разам з жонкай Ларысай, таксама стаматолагам. Ларыса Уладзіміраўна папоўніла калектыў Аршанскай стаматалагічнай паліклінікі. А. Краўчэня стаў працаваць у медсанчастцы льнокамбіната. Дарэчы, у працоўнай кніжцы Аляксандра Рыгоравіча – толькі адно працоўнае месца. Сёння доктар А. Краўчэня бязмерна ўдзячны былым кіраўнікам медсанчасткі – Цімафею Андрэевічу Плыткевічу, Генадзю Антонавічу Цітову, Мікалаю Антонавічу Конюху, былому загадчыку траўматалагічнага аддзялення Пятру Міхайлавічу Мазалю. Гэтыя людзі былі добрымі настаўнікамі, любілі сваю работу і з адказнасцю да яе ставіліся. Яны заўважылі працавітага і адказнага маладога ўрача, а ён стараўся не падвесці старшых калег. Зараз паважаны доктар Аляксандр Рыгоравіч ахвотна перадае бясцэнны вопыт урачам-інтэрнам і выпускнікам медыцынскіх вну.
“Я заўсёды быў у цэнтры грамадскага жыцця”, – расказвае Аляксандр Краўчэня. Яго рабочы кабінет упрыгожваюць шматлікія сертыфікаты, Ганаровыя граматы і дыпломы. Дваццаць два гады Аляксандр Рыгоравіч быў на чале прафсаюзнага камітэта медсанчасткі льнокамбіната. У 1995 годзе А. Краўчэня стаў дэпутатам гарадскога Савета па 23-й Цэнтральнай выбарчай акрузе. У той час ён быў намеснікам старшыні гарадской камісіі па ахове здароўя. Сёння Аляксандр Рыгоравіч узначальвае камісію па ахове працы Аршанскай цэнтральнай паліклінікі.
Нездарма кажуць, што чалавек становіцца паспяховым толькі тады, калі ў яго ёсць надзейны тыл – моцная і дружная сям’я. Аляксандр Рыгоравіч і яго жонка Ларыса Уладзіміраўна ўжо справілі 35-годдзе сумеснага жыцця. “Аснова любой дзяржавы – сям’я. Калі яна будзе моцнай – працвітаць будзе і краіна. На шчасце, мае тры дачкі таксама прытрымліваюцца гэтай думкі”, – разважае доктар Аляксандр Краўчэня. Сёння ў яго падрастаюць пяцёра ўнукаў і дзве ўнучкі. Дочкі Таццяна, Алена і Настасся заўсёды радуюць бацькоў: усе скончылі школу з залатымі медалямі, атрымалі вышэйшую адукацыю. Праўда, па бацькоўскай сцежцы пайшла толькі старэйшая дачка Таццяна – выпускніца лячэбнага факультэта Мінскага медыцынскага ўніверсітэта. Але Аляксандр Рыгоравіч шчыра верыць, што ў іх сям’і абавязкова будуць стаматолагі: “Уся надзея на ўнукаў”.
Думкі аб працы не пакідаюць Аляксандра Краўчэню нават у рэдкія свабодныя часы. Доктар марыць, каб хутчэй у іх аддзяленні з’явіўся дэнтальны рэнтгеналагічны апарат. Аляксандр Рыгоравіч з пяшчотай і любоўю расказвае пра свой дружны калектыў, які яму ва ўсім дапамагае. Напярэдадні прафесійнага свята А. Краўчэня жадае калегам, каб у іх душах заўсёды панаваў пакой і каб яны з радасцю ішлі на любімую працу.
Марына СЯМАШКА.
Фота аўтара.