Народны ансамбль “Крынічанька” адпразднаваў 35-годдзе
У Палацы культуры г. Барані прайшоў творчы вечар народнага ансамбля народнай музыкі і песні “Крынічанька”, прысвечаны 35-годдзю са дня заснавання калектыву.
За некалькі хвілін зала была запоўнена прыхільнікамі народнай музыкі і песні. Першымі прыйшлі павіншаваць і выказаць словы падзякі маленькія артысты ўзорнага фальклорнага калектыву ”Шчодрыкі“ (кіраўнік Алёна Іванова), якія парадавалі ўсіх сваімі спевамі. Акрамя іх, на сцэну выходзілі амаль што ўсе калектывы Палаца культуры: студыя сольных спеваў ”Гармонія“ (кіраўнік Таццяна Жолудзь), узорны тэатральны калектыў ”Вясёлка“ (кіраўнік Людміла Сасніцкая), народны тэатральны калектыў (кіраўнік Наталля Андрыянава), студыя сольных спеваў (кіраўнік Віталь Iльюшэнка).
Ансамбль быў створаны ў 1988 годзе Вячаславам Шпакоўскім, які з’яўляецца яго нязменным кіраўніком. Дзякуючы яму, калектыў адраджае фальклор Аршаншчыны і прапагандуе нацыянальнае народна-песеннае мастацтва Беларусі. У рэпертуары калектыву больш за 100 народных песень, таксама беларускія танцы, абрады. Ёсць у калектава і аўтэнтычныя песні – калядныя, масленічныя, купальскія, жніўныя, якія Вячаслаў Уладзіміравіч збіраў у вёсках Аршанскага раёна.
За высокі мастацкі ўзровень і выканальніцкае майстэрства 26 лютага 1996 года калектыву было прысвоена ганаровае званне ”народны аматарскі калектыў“. А 14 лютага 2023 года калектыў паспяхова пацвердзіў званне народнага.
Карта выступленняў калектыву багатая і разнастайная: канцэртныя пляцоўкі горада, раёна, вобласці і за межамі краіны. Неаднаразова прадстаўляў Рэспубліку Беларусь на фестывалях у Літве, Латвіі, Балгарыі, Расіі і іншых краінах, станавіўся лаўрэатам і дыпламантам міжнародных фестываляў. Удзельнічаў у рэспубліканскіх святах ”Дажынкі“, ”Александрыя збірае сяброў“, тэлеперадачах БТ ”Запрашаем на вячоркі“, ”Спявай, душа“, ”Наперад у мінулае“ і іншых.
Салістка ансамбля Святлана Аладзьева спявае з першых дзён заснавання калектыву, Наталля Галдыцкая грае на скрыпцы з 1989 года. Зінаіда Іваноўская і Зінаіда Сімчанка прыйшлі ў калектыў у адзін дзень у 1990 годзе і сябруюць ужо многія гады. Юлія Буйніцкая, якая грае на блокфлейце, прыйшла ў калектыў у 1996 годзе. Салісты Віктар Шалабодзін, Валянціна Акулёнак і Віктар Храпавіцкі спяваюць у калектыве з 1998 года. Людміла Гаршкова прыйшла у калектыў у 2001 годзе, салістка Сняжана Чагіна і акампаніятар Вячаслаў Смарковіч – у 2006 годзе, Святлана Філіпава і Святлана Папкова – у 2015 годзе. Дзіяна Жукоўская ў калектыве з 2022 года і вельмі добра навучылася граць на барабане. Скрыпачка Дзіна Барычэўская грала ў калектыве ў розныя гады. Зараз яна жыве ў Санкт-Пецярбургу, але прыехала, каб выступіць разам з калектывам. Ірына Яўланава – паэт народнага ансамбля народнай музыкі і песні ”Крынічанька“, якая піша для калектыву вершы і тэксты песень.
Вельмі хутка праляцела юбілейная вечарына. Гледачы не хацелі развітвацца з калектывам, як і ён з гасцямі і сябрамі.
Пажадаем далейшых творчых поспехаў, высокіх перамог, новых пакаленняў адданых прыхільнікаў творчасці, росквіту і даўгалецця калектыву народнага ансамбля народнай музыкі і песні ”Крынічанька“.
А. ШПАК.