У Копыскай школе адкрылі бюст Янкі Купалы

Сёння споўнілася 140 год з дня нараджэння вялікага песняра Беларусі Янкі Купалы. Напярэдадні гэтай даты ў Копыскай дзіцячым садзе-сярэдняй школе Аршанскага раёна адбылося ўрачыстае адкрыццё бюста народнаму паэту.

Янка Купала – славуты пясняр беларускага народа, імя якога з гонарам носіць Копыская школа. Мерапрыемства праводзілася на пляцоўцы каля будынка школы.

Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця прынялі ўдзел ганаровыя госці – начальнік аддзела культуры Аршанскага райвыканкама Сяргей Гарбачоў, кіраўнік Копыскага гарпасялковага савета Кацярына Вацура, загадчык філіяла музея Янкі Купалы ў вёсцы Ляўкі Тамара Крына, выпускнік школы Мікалай Соп, а таксама педагогі і вучні, жыхары пасёлка.

– Аршанскі раён цесна звязаны з жыццём і дзейнасцю вялікага паэта. Непадалёку ад Копысі знаходзіцца музей-дача Янкі Купалы, дзе ён жыў і дзе з-пад яго пяра выходзілі цудоўныя вершы, якія ведаюць далёка за межамі Беларусі, – падкрэсліў Сяргей Гарбачоў. – 2022 год – Год гістарычнай памяці. Па ўсёй краіне праходзіць шмат знакавых мерапрыемстваў па ўшанаванню памяці знакамітых людзей, у тым ліку і на Аршаншчыне. Сёння мы адкрываем не проста бюст славутаму песняру, а месца прыцягнення жыхароў пасёлка, дзяцей, моладзі, усіх, хто любіць і шануе творчасць Янкі Купалы. Гэта стала магчымым дзякуючы супрацоўніцтву пасольства Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Беларусі, прадстаўнікі якога пабывалі ў музеі ў Ляўках і ўразіліся жыццём і творчасцю класіка. Аўтар бюста – кітайскі скульптар з Пекіна У Вэйшань.

Пасёлак Копысь – адно з нешматлікіх месцаў, якое звязана з імем Янкі Купалы. Менавіта тут, у сям’і ляснічага, жылі Іван Дамінікавіч і Уладзіслава Францаўна, пакуль будавалі дачу. Пазней яна ўвайшла ў аснову філіяла Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы “Ляўкі”.

Як расказала загадчык філіяла музея Тамара Крына, у 1935 годзе Янка Купала и Пятрусь Броўка былі накіраваны ў камандзіроўку ў саўгас “10 з’езд Саветаў” Аршанскага раёна. Мясцовыя ўлады вырашылі сустрэць вядомых гасцей у канторы Копыскага лясніцтва. У гэтым же годзе адзначалася 30-годдзе творчай дзейнасці паэта. Урад Беларусі падарыў яму машыну “Шэўрале” і прыняў рашэнне за кошт дзяржавы пабудаваць пісьменніку дачу. А месца прапанавалі выбраць самому. Прыехаўшы ў вёску Ляўкі, Я.Купала настолькі ўразіўся прыгажосцю мясцін, што стаў праводзіць тут кожнае лета, пакуль не пачалася вайна.

Паэт жыў тут з ранняй вясны да позняй восені. Яму тут вельмі добра пісалася. Калі ён жыў у канторы лясніцтва, мясцовым жыхарам вельмі хацелася ўбычыць і пагаварыць з паэтам. Дзяўчаты назбіралі букеты прыгожых палявых кветак, дарослыя ўзялі снапы лёну, мёд, хлеб, соль і прыйшлі знаёміцца з паэтам. Гэта сустрэча вельмі ўразіла Янку Купалу, і ўжо на наступны дзень усе чыталі яго верш “Госці”.

Калі пачалася вайна, Купала са сваёй жонкай вярнуліся ў Маскву, а ўжо 4 ліпеня пры фарсіраванні Дняпра танкавай дывізіяй Гудэрыяна, дача была зруйнавана. Яе зноў адбудавалі на тым жа самым падмурку да 100-годдзя з дня нараджэння паэта ў 1982 г.

Права адкрыць бюст народнаму паэту было прадастаўлена ганаровым гасцям Сяргею Гарбачову, Кацярыне Вацура і дырэктару Копыскай дзіцячага сада- сярэдняй школы Галіне Падбярэцкай. Галіна Віктараўна выказала словы падзякі прадстаўнікам Кітайскай Народнай Рэспублікі за такі цудоўны падарунак, а таксама Аршанскаму райвыканкаму, цэнтру фізічнай культуры і краязнаўства, цэнтру забеспячэння Аршанскага раёна, прадпрыемствам пасёлка Копысь. Асаблівыя словы падзякі прагучалі ў адрас ганаровага выпускніка школы Мікалая Сопы. Ён дапамагае ўстанове адукацыі ва ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы, падтрымлівае ва ўсіх пачынаннях.

Музычным падарункам гасцям і жыхарам пасёлка сталі выступленні харэаграфічнага ансамбля “Тэрпсіхора” Аршанскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі і выпускніцы школы Варвары Куранковай.

Па заканчэнні цырымоніі госці ўсклалі кветкі да бюста паэта, зрабілі памятнае фота, а таксама наведалі краязнаўчы літаратурны пакой імя Янкі Купалы.

Вольга ЦІХАНАВА.
Фота аўтара.

 

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.