17 красавіка католікі святкуюць Пасху
Хрыстос уваскрос!
Раніца «першага дня тыдня» для некага аказалася пачаткам вялікай радасці, супакою і надзеі, а для некаторых – крыніцай страхаў, сумніваў і неспакояў.
У адносінах да ўваскрослага Езуса Хрыста нельга заставацца толькі гледачом і сустракаць Яго апладысментамі альбо святочным кулічом ці яйкам. Тыя, хто называў Яго сваім Настаўнікам, перажываюць незвычайны духоўны ўздым. Запрагнулі ўсур’ёз быць вучнямі, бо зразумелі сэнс усяго, чаму вучыў іх Хрыстос. У Евангеллі мы чытаем, як апосталы і Марыя Магдалена бягуць ад радасці, а святы Пётр нават кінуўся ў ваду, каб хутчэй даплыць да Уваскрослага Езуса. Як жа ім не радавацца, калі сам Бог называе іх сваімі “братамі”? Іх Настаўнік уваскрос, Ён зноў жывы. Ён пайшоў у Валадарства Нябеснае, а значыць… і яны пойдуць разам з Ім, нягледзячы на тое, што сустрэне іх у жыцці.
Падобна і ў наш час Жывы і Ўваскрослы Хрыстос не пакідае людзей абыякавымі.
Ад імя каталікоў парафіі святога Юзафа жадаю ўсім парафіянам і жыхарам горада Оршы ўбачыць ва Уваскрослым Езусе Настаўніка, які мае адказы на ўсе нашыя пытанні і які здольны вырашыць усе нашыя неспакоі і страхі, з якімі мы сустракаемся ў сучасны час гісторыі свету і нашай Бацькаўшчыны Беларусі. Жадаю сустрэць Нябеснага Настаўніка, якога сапраўды нам будзе хацецца слухацца.
Айцец Вадзім Мізер МІС,
настаяцель касцёла святога Юзафа.
Парадак пасхальных набажэнстваў у касцёле Святога Юзафа (вул. Савецкая, 6):
Пасвячэнне страў на велікодны стол:
у суботу (16.04.2022) кожную гадзіну з 8.00 да 18.00.
Начная пасхальная літургія (субота, 16.04) – 21.00.
Нядзеля Змёртвыхпаўстання Пана (17.04) – 11.00.
Парадак пасхальных набажэнстваў у касцёле Беззаганнага Сэрца Марыі (вул. Магілёўская, 81):
Пасвячэнне страў на велікодны стол:
у суботу (16.04.2022) – 10.00, 14.00, 20.30.
Начная пасхальная літургія (субота, 16.04) – 21.00.
Нядзеля Змёртвыхпаўстання Пана (17.04) – 8.00.