Гісторыя аршанкі Ірыны Лазоўскай, якая стварыла шчасце сваімі рукамі
Калі ёсць на свеце шчасце, то яно жыве ў сям’і Ірыны Лазоўскай. І гэты цуд не зваліўся з неба, не быў падараваны жанчыне лёсам. Яна сама стварыла яго сваімі рукамі.
Ірына нарадзілася ў Оршы ў 1985 годзе. Скончыла СШ № 20, у ПТВ № 39 набыла прафесію фармоўшчыка каўбасных вырабаў і ў 19 год прыйшла працаваць на агракамбінат “Юбілейны”. Пачынала з уборкі вытворчых памяшканняў, працавала фармоўшчыкам, потым кладаўшчыцай. Вырашыла прадоўжыць адукацыю. Завочна скончыла Магілёўскі ўніверсітэт харчавання па спецыяльнасці “тэхналогія мяса і мясных прадуктаў”. Стала майстрам, потым старшым майстрам у забойным цэху. Прайшоўшы шматлікія этапы вытворчасці, зарэкамендаваўшы сябе добрым, удумлівым спецыялістам, у цяперашні час працуе майстрам у каўбасным цэху. Вырабляе розных смакаў каўбасу, мясныя паўфабрыкаты, якія мы так любім купляць у фірменных магазінах агракамбіната “Юбілейны”.
На прадпрыемстве Ірыну Леанідаўну ведаюць яшчэ і як шматдзетную маці. Разам з мужам яна выхоўвае траіх дзяцей. Дачка сёлета заканчвае школу, сярэдняму сыну 9 гадоў, малодшаму – 5. Камбінат аказаў дапамагу маладой сям’і – прадаставіў арэндную кватэру ў новым доме аг. Бабінічы.
Маючы творчыя дараванні, навыкі, набытыя некалі ў школьных гуртках, Ірына ўзялася за добраўпарадкаванне дома, дастала швейную машынку, спіцы і кручкі, іголкі і ніткі…
– Мы разам з мужам, дзецьмі абмяркоўвалі кожную дэталь інтэр’ера, раіліся, нават арганізоўвалі сямейныя конкурсы. Потым ішлі разам выбіраць тканіны для гардзін, пасцельнай бялізны, прыдумвалі розныя варыянты хатняга інтэр’ера, і ўсё рабілі толькі сваімі рукамі, – расказвае Ірына Леанідаўна.
Захапленне шыццём, вязаннем, вышыўкай, іншай ручной творчасцю вылілася ў стварэнне мадэляў адзення для сям’і, дзіцячых цацак, сувеніраў, маскарадных касцюмаў. Аднойчы новагодняя сямейная вечарына была касцюміраваная. Мужчынская палова, напрыклад, стала дзедамі Марозамі, а жаночая – Снягуркамі. Сёлета малодшы сын на ранішнік у дзіцячы сад прыйшоў у касюме касманаўта. Дарэчы, блакітны камбінезон зоркавага пілота і шлем, выкананы ў тэхніцы арыгамі, Ірына перадала ў дар дашкольнай установе, як і шматлікія іншыя вырабы. Зараз шчыруе над школьнай выпускной сукенкай выпускным плаццем для дачкі. Разам у сям’і абмяркоўваюць планы на дачны перыяд, які ўжо не за гарамі.
Самае галоўнае, што Ірына ў кожным сваім пачынанні адчувае падтрымку і дапамогу мужа, яго клопат па ажыццяўленні ідэй, бачыць зацікаўленасць дзяцей, іх шчырае жаданне быць у цэнтры цікавых падзей, на якія так багата іх маці. А калі шчаслівыя вакол цябе людзі, то і ты шчаслівы.
Людміла МАРШАЛОВІЧ.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.