День беларускага пісьменства святкуем 5 верасня ў Капылі
Некалькі дзён застаецца да значнай падзеі – Дня беларускага пісьменства. Сёлета 4-5 верасня свята прымае Капыль, горад з тысячагадовай гісторыяй. Гэта радзіма больш чым 50 беларускіх пісьменнікаў, сярод якіх Цішка Гартны, Кузьма Чорны, Анатоль Астрэйка, Адам Русак, Алесь Адамовіч.
Упершыню Дзень беларускага пісьментва прайшоў у Полацку ў 1994 годзе, потым яго прымалі Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Орша і іншыя гарады рэспублікі. За час свайго існавання фестываль ператварыўся у нацыянальнае свята, стаў значнай падзеяй культурнага жыцця краіны. Дэвіз XХVIII Дня беларускага пісьменства – «Слова нас аб’ядноўвае».
Тэматычныя экспазіцыі, прэзентацыі, інтэрактыўныя пляцоўкі, выставы пачнуць работу 4 верасня. Побач з выставай-прэзентацыяй Саюза пісьменнікаў Беларусі, выставамі гістарычнай, мастацкай, навуковай, дзіцячай літаратуры будзе працаваць пляцоўка, прысвечаная Дню народнага адзінства.
Асноўныя мерапрыемствы свята пройдуць 5 верасня. Сярод іх – адкрыццё помніка Цішку Гартнаму, алеі пісьменнікаў Капыльскага раёна, правядзенне ваенна-гістарычнай рэканструкцыі “Лаўскі бой”. У час свята адбудуцца цырымонія ўзнагароджання пераможцаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі, цырымонія гашэння канверта і арыгінальнай маркі, прысвечаных XXVIII Дня беларускага пісьменства і перадача эстафеты наступнай сталіцы свята беларускага пісьменства, якой у 2022 годзе стане Добруш.
Праграма Дня беларускага пісьменства-2021.
Алеся СЦЯПУРКА.