У Оршы праходзіць рэспубліканская выстава “Зямля пад белымі крыламі”
З 26 лістапада ў Аршанскай гарадской мастацкай галерэі В. А. Грамыкі і Аршанскім музеі Уладзіміра Караткевіча праходзіць рэспубліканская выстава «Зямля пад белымі крыламі». Яна прысвечана 90-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча.
Выставачны праект з’яўляецца адным з мерапрыемстваў у рамках юбілейнай праграмы, расказала Аляксандра Чарняк, навуковы супрацоўнік галерэі Віктара Грамыкі. Яго арганізавалі Аршанскі райвыканкам, музейны комплекс гісторыі і культуры Аршаншчыны, Беларускі саюз мастакоў.
«Зямля пад белымі крыламі» – нарыс Уладзіміра Караткевіча, прысвечаны Беларусі. У ім аўтар паказвае прыгажосць роднай прыроды. Як адзначаў Уладзімір Сямёнавіч, нарыс быў створаны не для таго, каб расказаць усё, а для таго, каб зацікавіць моладзь гісторыяй, прыродай і прыгажосцю сваёй Радзімы.
Партрэты пісьменніка, гістарычныя карціны, пейзажы, жывапіс, графіка, скульптура. Экспазіцыю складаюць больш за 70 работ 45 аўтараў з розных гарадоў Беларусі.
Выстава падзелена на дзве часткі. Адны работы экспануюцца ў Аршанскім музеі Уладзіміра Караткевіча. Другія – у Аршанскай гарадской мастацкай галерэі В. А. Грамыкі.
Падрыхтавала Марына Сямашка.