Аршанка расказала пра сямейную спадчыну – ручнікі

Год малой радзімы вельмі багаты на святы і конкурсы. Разам з вучнямі гімназіі г. Барані я наведваю заняткі па інтарэсах ”Этнографы-краязнаўцы“ Аршанскага раённага цэнтра фізічнай культуры, турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі».

Праходзяць заняткі на базе музея ”Баранская сяліба“. Тут мы бавім вольны час, арганізуем экскурсіі, ладзім вечарыны і святы, сустракаем гасцей, удзельнічаем у конкурсах.

Я стала ўдзельнікам раённага этапа рэспубліканскага конкурсу ”Скарбы маёй сям’і“ ў рамках рэспубліканскай акцыі “Я гэты край Радзімаю заву”. Па выніках першых двух адборачных этапаў, ва ўстановах адукацыі і раённым, мая даследчая работа перамагла ў намінацыі “Ад прадзедаў спакон вякоў…” На конкурс быў прадстаўлены справаздачны матэрыял у выглядзе даследчай работы. У ёй я апісала нашу сямейную традыцыю перадачы ў спадчыну ручнікоў. З успамінаў маці даведалася пра абрады, у якіх абавязкова прысутнічалі ручнікі. Яны – наша сямейная рэліквія. Маці беражліва захоўвае іх ужо шмат гадоў.

Для напісання работы я вывучыла і сабрала матэрыял пра беларускія ручнікі, іх прызначэнне, віды вышытых арнаментаў. Звярнулася за дапамогай да знаўца этнаграфіі Рамана Паўлякевіча, загадчыка Аршанскага этнаграфічнага музея “Млын”. Раман Юр’евіч дапамог мне дасканальна расшыфраваць узоры на ручніках маёй прабабулі, бабулі і маці.

А яшчэ ён запрасіў нас наведаць часовую выставу майстроў Аршанскага Дома рамёстваў “25 гадоў у рамястве”, якая праходзіла ў гэты час у музеі ”Млын”.

З мэтай папулярызацыі матэрыялаў маёй даследчай работы разам з кіраўніком гуртка Ірынай Раманьковай падрыхтавала і правяла ў краязнаўча-этнаграфічным музеі “Баранская сяліба” тэматычную выставу “Мая сямейная спадчына – ручнікі” для вучняў аб’яднання па інтарэсах “Спадчына”.

Сямейная традыцыя не прыпыніцца ніколі – такі вывад я зрабіла для сябе. Гэтыя ручнікі – часцінка жыцця маёй сям’і, наша сямейная рэліквія, напамін пра маіх любімых бабуль, якімі я вельмі ганаруся. Мне хочацца навучыцца вышываць так, як гэта рабілі мае продкі. Гэта будзе і памяць пра іх, і, магчыма, папаўненне калекцыі сямейных рэліквій.

Праца над сямейнай рэліквіяй і наведванне Аршанскага этнаграфічнага музея ”Млын”, натхнілі мяне напісаць верш

“Сямейная традыцыя”:
Навучыла мяне маці
Шыць, вязаць і вышываць,
Каб традыцыі сям’і
Мне не прыпыняць.
Я гляджу на ручнікі,
Што бабулі ткалі,
Потым ”крыжам“ па канве
Узоры вышывалі!
Кожны вечар я з матуляй
Раюся: ”Ці так?“
”Добра! – яна кажа, –
Вышыты твой мак!“
Традыцый я не прыпыню.
За вышыўку бяруся…
І зберагчы, і перадаць
Нашчадкам ручнікі клянуся!

А. СМАРКОВІЧ,
навучэнка аб’яднання па інтарэсах “Этнографы-краязнаўцы”.