Краязнаўства – гэта цікава
У музеі гісторыі і культуры Аршаншчыны прайшла прэзентацыя біябібліяграфічнага даведніка “Краязнаўцы Віцебшчыны другой паловы ХХ – пачатку ХХІ ст.”. Аўтар кнігі – вядомы віцебскі краязнаўца Мікалай Півавар.
Мікалай працуе настаўнікам гісторыі Лужаснянскай школы-інтэрната-гімназіі для здольных і таленавітых дзяцей Віцебскай вобласці, з’яўляецца дацэнтам кафедры гісторыі Беларусі ВДУ імя П. Машэрава, кандыдатам гістарычных навук. У 2006 годзе выдаў даведнік “Даследчыкі Полацка-Віцебскай даўніны XVI ст. — 1944 г.”. З новай работы віцебскага аўтара вы даведаецеся больш чым пра 570 асоб: краязнаўцаў-аматараў, музейных работнікаў, архівістаў, бібліятэкараў, журналістаў, настаўнікаў, выкладчыкаў ВНУ, навукоўцаў і працаўнікоў дзяржаўных устаноў.
Здавалася б, што можа аб’ядноўваць людзей розных прафесій і з рознымі, часам нават супрацьлеглымі светапоглядамі? У сэрцы кожнага з іх жыве палымяная любоў да гісторыі і культуры роднага краю. Даведнік “Краязнаўцы Віцебшчыны” багата ілюстраваны фотаздымкамі даследчыкаў і выявамі іх прац. Не абмінае ўвагай Мікалай Півавар і аршанскіх краязнаўцаў, у даведнік ўключана больш за 50 прозвішчаў. Аўтар вельмі высока ацэньвае працу нашых землякоў па вывучэнні гісторыі свайго гораду. Напрыклад, менавіта ў Оршы ўпершыню ў краіне выйшла кніга для школьнага спецкурсу па краязнаўстве. Аўтар унікальнага праекта – настаўнік геаграфіі Віктар Васільевіч Жукоўскі.
Блаславенная наша зямля, і яе гісторыю, запаветныя мясціны трэба ведаць. Але не менш важна памятаць пра тых людзей, якія па крупінках збіраюць цікавыя факты пра наш родны край, заклікаюць помніць пра сваіх продкаў і клапоцяцца пра светлую будучыню нашчадкаў. Пакуль жыве памяць, жыве і сам народ.
Марына СЯМАШКА.