Из колодца ливневки на стадионе в Барани достали бобра
На стадыёне г. Барані ідзе рэканструкцыя, у тым ліку праводзяцца работы па стварэнні ліўневай каналізацыі. А на днях будаўнікі прыйшлі на працу і ўбачылі ў адным з неглыбокіх калодзежаў нязванага госця.
Бабёр сядзеў на дне западзіны і ўжо, напэўна, страціў надзею на выратаванне. Бетонныя сценкі калодзежа былі яму не па зубах, ды і падскочыць на кароткіх лапках не ўяўлялася магчымым.
Але ж на тое мы і людзі, каб дапамагчы зверу. Першае, што мужчыны зрабілі, – гэта кінулі ў яму галінак, каб грызун паснедаў, потым пазванілі ў Аршанскую гарадскую і раённую інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
– Узважыўшы ўсе “за” і “супраць”, мы вырашылі, што без дапамогі работнікаў спецаўтабазы нам не абысціся, – расказаў, прыбыўшы на месца, інспектар Аляксандр Куляеў.
Пакуль тыя ехалі да Барані, бабра ўдалося добра разгледзець. Ён быў дарослым, важкім, хвост – сапраўднае вясло. Вочы і вушы маленькія, зубы вострыя. Асабліва ўсіх уразіла футра. Яно ў бабра прыгожае, густое, шаўкавістае, каштанавае.
На нявольніка накінулі вялізны сачок, падхапілі і выцягнулі. Той хуценька вызваліўся і пабег у Адроў, нават не азірнуўся, каб сказаць: “Дзякуй, людзі добрыя”.
У Аршанскай гарадской і раённай інспекцыі не пакінулі без дапамогі і лебедзя, які плаваў у сакавіку ў Аршыцы. Людзі пазванілі, сказалі, што з птушкай штосьці не так. І сапраўды. Як потым расказаў начальнік інспекцыі Андрэй Няфёдаў, на ніжнюю дзюбу птушкі надзелася пластыкавая накрыўка. Яе акуратна знялі і адпусцілі птушку на волю.
Людміла Маршаловіч.
Фота А. Куляева.