Беларусь на старажытных мапах можна ўбачыць у галерэі Грамыкі

У Аршанскай гарадской мастацкай галерэі В. А. Грамыкі праходзіць выстава «Беларусь на старадаўніх геаграфічных мапах» з прыватнай калекцыі Эдуарда Куфцерына (прадастаўлена Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь).

Старажытныя геаграфічныя мапы ўяўляюць сабой унікальныя гістарычныя артэфакты. У іх можна ўбачыць асаблівасці часу. Вельмі часта карты мастацка афармлялі, дэкарыравалі малюнкамі караблёў, упрыгожвалі віньеткамі, дапаўнялі надпісамі на лацінскай мове, якія распавядаюць пра важныя падзеі ў гісторыі краіны, гандлёвым суднаходстве, буйных гарадах, адукацыйных установах. Цікавая форма падачы надпісаў, з дапамогай якіх нібы вядзецца дыялог з тым, хто вывучае карту. Да гледача звяртаюцца як да назіральніка, яму даюць практычныя парады, як варта разумець карту.

На выставе наведвальнікі пазнаёмяцца с гістарычнымі геаграфічнымі мапамі Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, Еўропы і свету, у якіх праз прастору і час майстры здолелі данесці да нас сваё вобразнае, візуальнае бачанне сябе, нашай краіны і народа.

А. ЧАРНЯК.