Касьба на Аршаншчыне: першы ўкос выходзіць на фініш
У Аршанскім раёне на фініш выходзяць работы па нарыхтоўцы кармоў першага ўкосу. Перасягнуты рубеж больш за 70 працэнтаў ад запланаванага. Усяго трэба нарыхтаваць 188 609 тон сенажу і 8 544 тоны сена.
Да завяршэння падыходзяць работы і ў сельскагаспадарчым прадпрыемстве “Роскі Сялец”, дзе на палях працуюць корманарыхтоўчы камбайн, граблі, дзве касілкі і два прэсы. Пяць адзінак тэхнікі занятыя на адвозцы.
Каб паспець укласціся ў адпаведныя агратэхнічныя тэрміны, тут працуюць увесь светлавы дзень. Сярод рабочых адчуваецца і камандны дух, і жаданне адзін аднаму дапамагчы, падтрымаць.
На полі – прыемны водар свежаскошанай травы. Гучна гудзе трактар. Механізатар Уладзімір Казарын спяшаецца ў спякотнага надвор’я выхапіць па максімуму зялёнага “золата”. Сцвярджае, што вельмі гарачы чэрвень без дажджоў не шкадуе травы ні каплі – высушвае іх у самых каранёў. Таму на сёлетняй касьбе нельга марудзіць з працэсам нарыхтоўкі – усё трэба рабіць аператыўна.
Уладзімір Міхайлавіч у “Роскім Сяльцы” працуе ўжо больш за 20 гадоў. Неаднаразова быў на п’едэстале гонару ў раёне на ўборцы льну, ворыве. Ён увесь час заняты на ўсіх цыклах сельскагаспадарчых работ. Вясной – гэта пасяўная кампанія, затым заступае на касьбу першага, другога ўкосу, а не паспее дух перавесці, набрацца новых сіл, як і жніво падыходзіць. Вось так і круціцца кола аграрыя да позняй восені.
Настасся ТУРОК.
Фота аўтара.