Новую капсулу з пасланнем патомкам адкрыюць падчас святкавання 1000-годдзя Оршы
Першага студзеня споўнілася 100 год з дня заснавання Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. А 1 студзеня 1969 года з вонкавага боку будынка тады яшчэ гарвыканкама была закладзена капсула з пасланнем патомкам.
Праз паўстагоддзя ва ўрачыстай абстаноўцы на вачах шматлікіх аршанцаў яе ўскрылі, а так званае «пісьмо часу» зачыталі ўголас. Гэтае пачэснае права было прадастаўлена старшыні Аршанскага райвыканкама Ігару Ісачанку, які і дастаў замураваную капсулу.
Тэкст паслання патомкам з капсулай быў перададзены на захаванне ў Музейны комплекс гісторыі і культуры Аршаншчыны.
Валянцін Цімафеевіч Пімчанкаў, які 1 студзеня 1969 года стаў сведкам закладкі капсулы патомкам, зноў прыйшоў да будынка райвыканкама, каб падзяліцца сваімі ўспамінамі таго дня, зрабіць наказ будучаму пакаленню аршанцаў.
Прывітальнае слова таксама сказалі ганаровы грамадзянін города Оршы Уладзімір Германавіч Навацкі, дэпутат Аршанскага раённага Савета дэпутатаў, першы сакратар Аршанскай гарадской арганізацыі камуністычнай партыі Беларусі Сяргей Жудро, старшыня раённага Савета дэпутатаў Анатоль Сільчанка і член Маладзёжнай палаты Аршанскага раёна Лізавета Казакевіч.
У сваю чаргу аршанцы таксама адправілі пісьмо ў будучыню. На тым жа месцы замуравалі новую капсулу часу, якую завяшчалі ўскрыць падчас святкавання тысячагадовага юбілею Оршы.
Настасся ТУРОК.
Фота аўтара.
Тэкст паслання і іншыя факты чытайце ў «АГ» № 3 за 10 студзеня 2019 г.