Оршанкам, ставшим мамами в День Конституции, вручили подарки
З нагоды Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у Оршы прайшоў цэлы шэраг мерапрыемстваў. Адно з самых добрых і светлых – акцыя “Прывітанне ад бусла” – адбылося ў панядзелак у гарадскім радзільным доме. Шчырыя віншаванні і цудоўныя падарункі мамы прымалі ад старшыні Аршанскага райвыканкама Мікалая Лісоўскага, члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Плыткевіча, прадстаўнікоў мясцовай улады і старшыні Аршанскай раённай арганізацыі ГА “Беларускі фонд міру” Іны Хамутоўскай.
Прывітанне ад бусла атрымалі дзевяць жанчын і іх немаўляткі – шэсць дзяўчатак і тры хлопчыкі. Цяпер Дзень Канстытуцыі – двайное свята для шчаслівых мамачак Наталлі Лупеску, Ганны Гайдуковай, Таццяны Шарай, Кацярыны Антоненкі, Наталлі Бірыч, Настассі Сакратаровай, Марыны Калавайціс, Юліі Тамашэвіч і Наталлі Стральчук. Арганізатары акцыі падрыхтавалі для дзетак добрыя падарункі: цацкі, коўдры і падушкі, а таксама паштоўкі.
Радасць не можа быць поўнай, калі яе няма з кім раздзяліць. Але гэтае сцвярджэнне – не пра нашых мам. Кожны з гасцей выказаў шчырую падзяку аршанкам. Загадчык радзільнага дома Іна Крачак на правах гаспадыні запрасіла і мамачак, і дзяўчат – навучэнак каледжа чыгуначнага транспарту, механіка-эканамічнага каледжа, ліцэяў легкай прамысловасці і тэкстыльшчыкаў – часцей бываць у гэтай медыцынскай установе. Яшчэ адзін сюрпрыз для аршанак – невялікая канцэртная праграма, якую правяла Таццяна Скрага. Цудоўныя нумары юных артыстаў Дома культуры чыгуначнікаў і гарадскога Цэнтра культуры былі прасякнуты любоўю да самага роднага чалавека – матулі, таму нікога не пакінулі раўнадушнымі.
Наступны раз прывітанне ад бусла перададуць жанчынам падчас святкавання Дня горада. Арганізатары гэтай добрай акцыі: сектар па справах моладзі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, Аршанскі гарадскі радзільны дом УАЗ “АЦП”, Аршанская раённая арганізацыя ГА “Беларускі фонд міру”, сярэднія спецыяльныя навучальныя установы і ПТВ – упэўнены: колькі б добрых слоў мы не казалі нашым матулям, яны ніколі не будуць лішнімі.
Марына СЯМАШКА.
Фота аўтара.