“…ТАМУ І ЛЮБЛЮ Я ОРШУ ПЕРШЫМ ВЯЛІКІМ КАХАННЕМ…”
У кожнага ёсць месцы, куды хочацца вяртацца зноў і зноў. Хтосьці імкнецца да любай сэрцу вёсачкі, хтосьці сумуе па родным горадзе. Туды, дзе людзі былі шчаслівы, дзе адпачывалі душой, дзе перажылі радасныя імгненні – туды яны і будуць імкнуцца на працягу ўсяго жыцця. Сённяшняя гаворка пойдзе пра наш любімы горад Оршу, які адзначыць на наступным тыдні 946 дзень нараджэння. Я звярнулася да аршанцаў з пытаннем, якое месца ў горадзе яны лічаць сваім любімым і дзе ў Оршы ім больш за ўсё падабаецца бавіць вольны час. І вось што адказалі гараджане.
Ірына Паўлаўна, 54 гады:
– Як не дзіўна, але больш за ўсё мне даспадобы Дзіцячы парк. Тут заўсёды прыемна прагуляцца пасля працоўнага дня ці ў свой выхадны, пасядзець на лаўцы, паназіраць за малышамі, паесці марожанага. Парк сапраўды напамінае казачную краіну, тут утульна, чыста, у парку адпачываеш душой. Шкада, што раней, калі мае дзеці былі малыя, не было такіх цудоўных паркаў. Чакаю ўнукаў, абавязкова перш-наперш пазнаёмлю іх з “Казачнай краінай”.
Яўген, 18 гадоў:
– Нават і не задумваўся ніколі… Многія месцы падабаюцца. Ёсць дзе адпачыць з сябрамі, сустрэцца з каханай дзяўчынай, ёсць дзе пакатацца на веласіпедзе ці паганяць мяч з хлопцамі. Я захапляюся фатаграфіяй, у маёй калекцыі шмат здымкаў, зробленых як у Оршы, так і ў іншых гарадах. І вось што скажу: наш горад нічым не горшы за астатнія беларускія гарады, у нас вельмы прыгожая прырода і шмат цікавых выдатных мясцін.
Валянціна, 23 гады:
– Любімае месца ў горадзе – чыгуначны вакзал. Па-першае, таму, што з ім звязана шмат дарагіх мне ўспамінаў. Яшчэ будучы студэнткай я часта карысталася паслугамі чыгуначнага транспарту, вучылася ў іншым горадзе, ездзіла на заняткі ў інстытут, на выхадных вярталася дадому. З дзяцінства мяне вельмі вабіла чыгунка, некаторы час марыла стаць правадніком, каб мець магчымасць вандраваць. Я люблю назіраць за людзьмі на пероне, якія сустракаюцца, развітваюцца, падабаецца глядзець на адыходзячыя цягнікі… і ўвогуле, люблю наш прыгожы сучасны вакзал, тут пануе дзіўная атмасфера.
(Продолжение статьи читайте в «Аршанскай газете» №71 за 22 июня 2013 года).