У гэтым годзе пачатак масленічнага тыдня ў Беларусі – 24 лютага
У гэтым годзе пачатак масленічнага тыдня ў Беларусі – 24 лютага. Спачатку Масленіца была старажытнаславянскім шматдзённым святам «праводаў зімы», якім адзначаўся пераход да вясновых земляробчых прац. Пазней хрысціянская царква ўключыла Масленіцу ў лік сваіх святаў, якія папярэднічаюць Вялікаму посту.
У старажытнасці гэта свята ўяўляла сабой разнастайныя абрадавыя дзеянні, якія затым перайшлі ў традыцыйныя народныя звычаі і абрады.
Пажылыя, сваякі, кумы, сваты ездзілі на гэтым тыдні ў госці адзін да аднаго на ўпрыгожаных павозках. У дзяцей была свая забаўка: катанне на санках. Моладзь збіралася, калі цямнела на вуліцы, спявала, скакала.
У апошні, нядзельны, дзень Масленіцы сваякі хадзілі ў госці адзін да аднаго, да цешчы «на бліны» прыходзіў зяць з жонкай. Увечары сям’я ў поўным складзе павінна была вячэраць разам, бо з панядзелка надыходзіў Вялікі пост.
У гэты вечар у многіх мясцінах Беларусі праводзіўся надзвычай цікавы і ўрачысты абрад. Пасля вячэры гаспадар садзіўся ў строгім і набожным настроі. Да яго па чарзе падыходзілі браты і сыны, пасля жанчыны, кланяліся да зямлі і казалі: «Даруй, бацька родны, калі чым саграшыў(-ла) перад табой справай ці языком». Выслухаўшы ўсіх, гаспадар у сваю чаргу кланяўся да зямлі ўсёй сям’і, просячы такім чынам прабачэння за ўсе грахі і памылкі. На развітанне з Масленіцай звычайна палілі пудзіла – саламяную бабу ці мужыка. Попел раскідвалі па полі для большай ураджайнасці.
Пасля рэвалюцыі і падчас вайны Масленіцу не адзначалі. У 1970-1980 гадах адзначалася свята «Праводы зімы». З 1990-х гадоў пачалі адраджацца традыцыі святкавання Масленіцы. Ладзяцца святы развітання з зімой: шэсці казачных персанажаў, атракцыёны, спартыўныя гульні, катанне на конях, пачастунак блінамі. Для дзяцей праводзяць тэатральныя гулянні на вуліцы, катанне з горак.
А яшчэ на 24 лютага ў гэтым годзе прыпадае дзень Аўласа, якога лічылі апекуном свойскай жывёлы, а яго дзень – святам каровы ці каня. У гэты дзень жывёле трэба было даваць лепшы корм, не працаваць на ёй. А вось маладых коней трэба было аб’язджаць. Каб цяляты былі сытыя і здаровыя, кожная гаспадыня павінна была ў гэты дзень спячы на вячэру для сваёй сям’і аладкі з маслам.
Даўней людзі казалі: «Прыйшоў Аўлас – хутка будзе вясна ў нас». Лічылі, што калі ў гэты дзень раставаў снег, то май будзе вельмі зялёным.
Дзмітрый КУЗНЯЦОЎ.
Фота Сяргея СЛЯПЦОВА.
Поўная перадрукоўка тэксту і фатаграфій забаронена. Частковае цытаванне дазволена пры наяўнасці гіперспасылкі.