15 лютага – дзень асвячэння грамнічных свечак у гонар старажытнаславянскага свята
15 лютага – дзень асвячэння грамнічных свечак у гонар старажытнаславянскага свята, прысвечанага Перуну, ці Грамоўніку, які пасылае на зямлю вогненныя стрэлы-маланкі і можа раптоўна разбурыць гаспадарку.
15 лютага трэба прынесці з храма некалькі свечак, якія будуць вашым надзейным абярэгам і ўдзельнікам сямейна-родавых абрадаў на працягу ўсяго года.
Грамнічная свечка карысталася асаблівай павагай сярод беларусаў. Яна стала адухаўленнем “жывога” агню і была надзелена магічнай і ахоўнай функцыямі. Звычайна грамнічную свечку рабіў сам гаспадар. Той чалавек, у якога былі свае пчолы, мог зрабіць вялікую свечку. Лічылася, чым большай яна будзе, тым больш спрыяльна пройдзе год. Свечку ляпілі ў бліжэйшую да свята суботу. Пасля асвячэння ў храме яе прыносілі дадому. Потым з запаленай свечкай абыходзілі ўвесь дом па ходу сонца і хрысцілі ёю кожны кут, каб ачысціць ад усяго нядобрага і нечысці. На дзвярах і варотах выпальвалі ёю невялікія крыжыкі.
Летам грамнічная свечка ахоўвала дом ад удару маланкі і пажару. Калі вы пачуеце гул грому, запаліце такую свечку і пастаўце на падаконнік з таго боку, адкуль набліжаецца навальніца. Грамнічныя свечкі на працягу года захоўвалі перавязанымі паміж сабой стужкай.
Карысталіся імі ў вялікія святы, у дні нараджэння членаў сям’і, у час хваробы, вяселля, родаў.
Акрамя свечак, у гэты дзень у храме асвячалі ваду – так званае “малое вадохрышча”.
З гэтага дня бялілі пладовыя дрэвы, каб зберагчы іх ад сонечных “апёкаў” у сакавіку. А яшчэ садоўнікі, прыйшоўшы з храма, трэслі дрэвы, каб летам яны былі з пладамі.
Дзмітрый КУЗНЯЦОЎ.
Поўная перадрукоўка тэксту і фатаграфій забаронена. Частковае цытаванне дазволена пры наяўнасці гіперспасылкі.