Са святам Вадохрышча!
19 студзеня Вадохрышча – апошняе свята каляндарнага цыкла: «Святое Хрышчэнне і Калядам прашчэнне».
У гэты дзень, згодна з праваслаўным календаром, святкавалася хрышчэнне Ісуса Хрыста, асвячалася вада. Народ верыў у цудадзейную сілу такой вады і выкарыстоўваў пры розных бытавых выпадках і здарэннях: яе давалі выпіць хвораму, ёю апрысквалі новую хату перад тым, як засяліцца, і вуллі, каб лепш вяліся пчолы. Хрышчэнскай вадою асвячалі поле перад сяўбою. Дзе-нідзе ў гэты дзень дазвалялася выконваць некаторыя сялянскія работы, забароненыя на працягу ўсіх Каляд. На Вадохрышча прыпадалі самыя вялікія маразы, пасля якіх зіма паступова паварочвалася на лета. У народзе казалі: «Трэшчы не трэшчы, прайшлі Вадахрэшчы – не к Ражству, а к Пятру», маўляў, больш маразоў ужо не будзе. Вадохрышча было днём, па якім арыентаваліся ў вызначэнні будучага надвор`я («На Вадохрышчы вельмі сцюдзёна – у жніво вельмі горача»), спрабавалі прадказаць і якасць будучага ўраджаю («На Вадохрышча дзень цёплы – будзе хлеб цёмны»).
Дзмітрый КУЗНЯЦОЎ.
Поўная перадрукоўка тэксту і фатаграфій забаронена. Частковае цытаванне дазволена пры наяўнасці гіперспасылкі.