Расклад святочнай літургіі ў касцёлах Оршы

Паважаныя хрысціяне, улюбёныя парафіяне, людзі добрай волі! Ад шчырага сэрца кожнага з вас віншую са святам Божага Нараджэння.

У ціхую віфлеемскую ноч нарадзіўся Ісус Хрыстос. Яго пяшчотна прытуліла да сябе Марыя, з любоўю і трапяткім сэрцам іх агортваў клопатам святы Іосіф, побач былі вол, асёл, авечкі і… больш нікога. У такіх умовах нарадзіўся Ісус.

Божае Нараджэнне – гэта праява любові Бога Айца да чалавека. Такім чынам Бог падкрэслівае каштоўнасць жыцця кожнага з нас, бо стварыў нас з любові і з гэтай жа любові жадае, каб усе мы атрымалі жыццё вечнае.

У ноч Божага Нараджэння прыслухайся да свайго сэрца. Чаго яно прагне? Дабротаў матэрыяльных, улады, багацця, славы, статусу? А можа, сэрца прагне міру, супакою, унутранай раўнавагі, жадае любіць і быць любімым?

Паўнату шчасця, міру, супакою і любові можа даць толькі адзіны Бог, а дарога, якая да гэтага вядзе, – Ягоныя загады. Зберажы загады Бога, і Ён будзе з табой, Ягоная прысутнасць агорне тваё стомленае жыццём сэрца.

Жадаю, каб кожны з нас быў напоўнены любоўю Бога ў свята Божага Нараджэння.

24 снежня ў 21.00 адбудзецца ўрачыстая святая Імша Пастэрка ў парафіі святога Юзафа па вул. Савецкай, 6.

25 снежня ў 11.00 адбудзецца ўрачыстая святая Імша Божага Нараджэння ў парафіі святога Юзафа, а пасля Імшы – батлейка, тэатральная пастаноўка пра Божае Нараджэнне ў выкананні дзяцей нашай парафіі.

25 снежня ў 18.00 адбудзецца ўрачыстая святая Імша ў парафіі Сэрца Марыі па вул. Магілёўскай, 81.

Настаяцель касцёла святога Юзафа ксёндз Міхаіл ЦВЯЧКОЎСКІ.
Фота Сяргея СЛЯПЦОВА.