Рэдкі грыб расце і на Аршаншчыне
У верасні, збіраючы ў лесе грыбы, сутыкнуўся з незвычайнай знаходкай, чаму быў вельмі здзіўлены. Уявіце сабе: знайсці на Аршаншчыне адзін з самых рэдкіх у нас грыбоў – грыбную капусту (спарасіса кучаравага) – гэта неверагодна!
У энцыклапедыі “Прырода Беларусі” пазначана, што гэты малавядомы ядомы грыб трапляецца на тэрыторыі рэспублікі ў асноўным у Белавежскай пушчы. Расце ён у хвойніках на каранях дрэў, радзей на свежых пнях. Пладаносіць у жніўні-лістападзе. Мае пладовае цела дыяметрам 10-35 см, масай да некалькіх кілаграмаў, круглаватае, моцнагалінастае, мясістае, падобнае да галоўкі цвятной капусты (адсюль назва). У маладых грыбоў яно белаватае, у старых светла-карычневае, смакам і пахам нагадвае грэцкі арэх. Ножка кароткая, тоўстая, знаходзіцца ў зямлі. Зразаць грыб я не стаў, бо ён занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Яго знішчэнне караецца штрафам ад 20 да 30 базавых велічынь. Таму я толькі сфатаграфаваў гэты грыб.
В. ЛЮТЫНСКІ.
Фота аўтара.
Поўная перадрукоўка тэксту і фатаграфій забаронена. Частковае цытаванне дазволена пры наяўнасці гіперспасылкі.