Жытноў Уладзімір Міхайлавіч – гэта неад’емная частка культуры нашага горада і рэгіёна
Жытноў Уладзімір Міхайлавіч – гэта неад’емная частка культуры нашага горада і рэгіёна. Усё сваё жыццё ён аддаў выхаванню падрастаючага пакалення, прапагандаваў спорт і здаровы лад жыцця. Актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці горада. Пісьменнік, без вершаў якога не абыходзілася ніводнае гарадское мерапрыемства. Мастак, які праславіў сваімі працамі наш родны край.
Уладзімір Міхайлавіч удзельнічаў у тэатральных пастаноўках, спяваў у хоры, супрацоўнічаў з Саветам ветэранаў г. Оршы, праводзіў майстар-класы ў школах, арганізоўваў выставы сваіх работ, выдаваў кнігі, займаўся маржаваннем.
Нарадзіўся ён у 1936 годзе ў г. Жлобіне Гомельскай вобласці. Бацька працаваў у вагонным дэпо ст. Жлобін, а маці была хатняй гаспадыняй.
У 1941 годзе бацька быў прызваны ў рады Савецкай арміі. Сям’я эвакуіравалася ў Арэнбургскую вобласць, а ў 1944 годзе вярнулася на радзіму.
У пачатковых класах Уладзімір пачаў маляваць. У 5-м класе ўжо афармляў усе насценгазеты школы, маляваў партрэты навукоўцаў, аднакласнікаў. Потым ўдзельнічаў у выставах абласнога Дома народнай творчасці, маляваў эцюды. А калі ў 10-м класе паўстала пытанне куды ісці вучыцца, адказ быў адназначным: на мастака. Але Уладзімір вырашыў паступіць у Гомельскі педагагічны інстытут на фізкультурны факультэт, паколькі любіў спорт.
У 1956 годзе, разам з маладзёжнай брыгадай Гомельскай вобласці паехаў у Казахстан на асваенне цалінных зямель. У вольны ад працы час Уладзімір маляваў. Былі намаляваны такія работы, як: «Гарачыя дні ўборкі», «Пшаніца спее», «Вечар», «Жыта калосіцца», «Вечар у трактарнай брыгадзе» і інш. У 1958 годзе ён скончыў інстытут і быў накіраваны працаваць у г. Петрыкаў, адкуль і быў прызваны на службу ў рады Савецкай арміі. Служыў у войсках супрацьпаветранай абароны ў г. Оршы.
У 1960 годзе ён ажаніўся з Дзергачовай Тамарай. У гэты ж год быў дэмабілізаваны і застаўся жыць і працаваць у Оршы. Працаваў у розных установах і на прадпрыемствах нашага горада.
У 1971 годзе Уладзімір Жытноў стаў лаўрэатам Віцебскага фестывалю самадзейных мастакоў, прысвечанага 50-годдзю першага Усебеларускага з’езда прафсаюзаў.
У 1974 годзе ўдзельнічаў ва Усесаюзнай выставе самадзейных мастакоў «Слава працы» ў г. Маскве.
У 1975 годзе ў г. Оршы створана творчае аб’яднанне мастакоў «Рэнесанс», вялікі ўклад у развіццё якога ўнёс Жытноў У. М. Прыйшоўшы туды адным з першых, ён больш за 40 гадоў заставаўся яго нязменным удзельнікам.
У 1984 годзе ён стаў лаўрэатам Усесаюзнага агляду самадзейнай творчасці мастакоў.
На працягу многіх гадоў Уладзімір Жытноў быў кіраўніком клуба зімовага плавання. У Оршы ён быў прызнаным «маржом».
У 2004 годзе выйшла ў свет кніга «Зоркам насустрач», у якой сабраны віншавальныя вершы ад Жытнова У. М. зоркам тэатра і кіно.
У 2005 годзе апублікавана яшчэ адна кніга — «Ветэранам Вялікай Айчыннай». У гэтую кнігу ўвайшлі артыкулы і партрэты аршанцаў — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны.
У 2006 годзе ў свой юбілей Уладзімір Міхайлавіч пісаў: «Часам бываюць у жыцці рубяжы, калі трэба падводзіць вынікі. Я падышоў да такой мяжы — 70 гадоў! Наперадзе амаль нічога, а ўсё, што было зроблена, засталося ў мінулых гадах. І хто, калі не я гэта ведае і памятае. З усіх захапленняў і дасягненняў, поспехаў і перамог я гатовы адкінуць шмат, а пакінуць адно — жывапіс!».
Карціны Уладзіміра Міхайлавіча лаканічныя, вывераныя жыццёвым вопытам і адрозніваюцца дакладнасцю. У кожнай рабоце адчуваецца настрой аўтара, яго эмацыйны стан. Творы
Жытнова У. М. знаходзяцца ў прыватных калекцыях Расіі, Украіны, Ізраіля, Германіі і Францыі.
Жытновым У. М., як мастаком, напісана больш за 3 000 работ. Праведзена каля 100 персанальных выстаў.
У 2006 годзе была апублікавана кніга з аўтарскімі працамі Жытнова У. М., а таксама яму быў уручаны юбілейны медаль «60 гадоў вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў».
Акрамя заняткаў жывапісам, Уладзімір Міхайлавіч Жытноў захапляўся журналістыкай. Ён быў даўнім сябрам рэдакцыі «Аршанскай газеты», яе пазаштатным карэспандэнтам і героем шматлікіх публікацый.
Уладзімір Міхайлавіч быў паэтам, мастаком, музыкам, акцёрам, спартсменам, натура яго была шырокая, а талент шматгранны. Цяжка казаць пра яго ў мінулым часе… Перад вачыма заўсёды яго постаць – вясёлага, адкрытага, прыгожага, моцнага і мудрага чалавека. Такім ён назаўжды застанецца ў нашай памяці.
М.Нікуліна,
загадчык аддзела выкарыстання дакументаў.