У Шаркаўшчыне праходзіць абласны фестываль-кірмаш «Дажынкі-2023»
Пра тое, каб абласны фестываль-кірмаш “Дажынкі” правялі ў Шаркаўшчыне, жыхары раёна марылі не адзін год. Кожны звязваў са святам земляробаў свае надзеі, але была і агульная – з падтрымкай вобласці правесці маштабнае добраўпарадкаванне горада, за што яны аддзячаць добрай працай і яе вынікамі.
Урэшце надзеі спраўдзіліся. “Дажынкі-2023”, да якіх шаркаўчане рыхтаваліся практычна год, стартавалі.
Рэалізавана большасць з запланаванага па рамонце ўстаноў адукацыі і культуры, аховы здароўя, дамоў, двароў, вуліц, абнаўленні фасадаў… Палепшаны ўмовы працы ў шматлікіх арганізацыях. Усе змяненні якасці жыцця адбыліся на вачах людзей. А на “Дажынках” іх агледзелі і ацанілі шаноўныя госці свята.
На цэнтральнай плошчы Шаркаўшчыны ўдзельнікі свята ўсклалі кветкі да брацкай магілы ваеннаслужачых, якія, не шкадуючы свойго жыцця, абаранялі шаркаўшчынскі край ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У мерапрыемстве прымаюць удзел старшыня абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Субоцін, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, начальнік галоўнага ўпраўлення кадравай палітыкі Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублкі Беларусь Гуйда Аляксей, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, намеснікі старшыні аблвыканкама, кіраўнікі структурных падраздзяленняў аблвыканкама, старшыні райвыканкамаў, ветэраны працы, прадстаўнікі працоўных калектываў, устаноў і грамадскіх арганізацый.
Шаркаўшчынскі раён, яго адміністрацыйны цэнтр – прыгожыя куточкі Беларусі. Разам з шанаваннем лепшых хлебаробаў шаркаўчане адзначаюць сёлета і 520-ю гадавіну з часу заснавання пасёлка. Розныя перыяды былі ў яго гісторыі. Толькі сёння за сваё шчаслівае жыццё, за тое, што могуць жыць пад мірным небам, гадаваць дзяцей і будаваць сваю будучыню ў суверэннай краіне, яны ўдзячныя тым, хто адстаяў свабоду і незалежнасць Радзімы ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Перад памяццю тых, хто паклаў жыццё на алтар Перамогі, удзельнікі свята схілілі галовы ля помніка на брацкай магіле на гарадской плошчы, на мемарыяльныя пліты якой усклалі жывыя кветкі.
Прыемна ўразіла ўсіх мадэрнізацыя СШ № 1. Гэта ўжо новая школа, дзе створаны належныя ўмовы для навучання дзяцей, развіцця іх творчых здольнасцей. Установа, якая сёлета адзначае 50-годдзе, набыла статус “Школы будучага”.
40-кватэрны дом здалі ў эксплуатацыю ў Шаркаўшчыне. Тут паселяцца маладыя спецыялісты розных сфер, а такжа кватэрнае пытанне вырашаць тыя, хто мае неабходнасць у паляпшэнні жыллёвых умоў.
Пасля рэканструкцыі святочна адкрылі будынак райгаза Шаркаўшчынскага раёна газазабеспячэння. У адкрыцці аб’екта прыняў удзел міністр энергетыкі Рэспублікі Беларусь Віктар Каранкевіч.
Пра зручнасць для сваіх работнікаў і наведвальнікаў паклапаціліся ў раёне электрасетак. Цяпер усе яго службы знаходзяцца ў адным будынку, для кліентаў створаны камфортныя ўмовы пад час аплаты паслуг, атрымання рознай інфармацыі, удакладненняў, падачы заяў і г. д. У адкрыцці аб’екта прыняў удзел міністр энэргетыкі Рэспублікі Беларусь Віктар Каранкевіч.
А свята набірае размах. Па абодвух берагах ракі раскінуліся шматлікія пляцоўкі. Актыўнасці прапаноўваюцца самыя розныя, дзе можна не толькі знайсці забавы, а і даведацца пра поспехі працоўных калектываў, жыццё моладзі, творчыя дасягненні землякоў.
Дзятва і дарослыя тоўпяцца ля пляцоўкі, дзе дэманструецца сучасная і рэтра- сельскагаспадарчая тэхніка.