Гарадскому парку – 150 год! Гісторыя стварэння ад 1873 года на нашых дзён

Месцам, дзе многія аршанцы правялі прыемныя хвіліны свайго жыцця, з’яўляецца, без сумнення, парк культуры і адпачынку, што знаходзіцца ў самым цэнтры нашага горада. Яму сёлета спаўняецца 150 год. Калісьці, спадзяюся, будзе напісана гісторыя гэтага важнага гарадскога аб’екта. Ён таго заслугоўвае. А сёння – толькі асобныя старонкі з мінулага парку.

У 1872 годзе пачаліся работы па добраўпарадкаванні Оршы. На левым беразе Аршыцы, на поўнач ад гарадской турмы (яна была ў будынках былога калегіума езуітаў), дзе вёўся гандаль дровамі і сенам, у 1873 годзе быў закладзены гарадскі сад «в английском вкусе» плошчай больш за дзесяціну. Гэта крыху больш за 1 гектар. Добраўпарадкаванне вялося на сродкі гарадскога бюджэту, а таксама на грошы, сабраныя па падпісным лісце. «У гэтым садзе, акрамя звычайных дрэў і кустарнікаў, можна знайсці клён, ясень, таполі і каштаны, – паведамлялася ў «Опыте описания Могилёвской губернии» (1884 г.). – Сад абнесены драўлянаю агароджай, і ў ім ўладкаваны невялікі павільён».

Англійскім (ландшафтным, пейзажным, рэгулярным) парк называецца таму, што для яго характэрна свабодная планіроўка, адсутнасць дакладных геаметрычных форм – іх мелі барочныя рэгулярныя паркі ў «французскім стылі». Дзіўна было пачуць у перадачы пра Оршу аднаго з тэлеканалаў, што англійскім парк назвалі таму, што «деревья и кустарники привезли сюда прямиком из туманного Альбиона».

Дарэчы, што называлі тады «звычайнымі дрэвамі»? Магчыма, ліпу, бярозу ды дуб. Зразумела, тых першых дрэў у парку даўно ўжо няма. Цяпер тут растуць елка, бяроза, клён, ясень, ліпа, дуб, рабіна, каштан, глог, абляпіха… Якое ж дрэва цяпер самае старое ў парку? На мой погляд, гэта дуб, што расце бліжэй да вуліцы Камсамольскай. Яму больш за 70 гадоў.

Напрыканцы ХІХ стагоддзя ў паўднёва-ўсходнім баку гарадскога саду, на рагу вуліцы Пецярбургскай і Дняпроўскага завулка, быў пабудаваны драўляны тэатр пад назвай «Мадэрн». Потым ён будзе называцца электратэатрам. Уладальнікам яго была гарадская ўправа. У хуткім часе ён стаў прадметам асаблівага гонару аршанцаў. У ім ладзіліся кінасеансы, ставіліся тэатральныя пас­та­ноўкі, выступалі за­езджыя артысты. Гарадскі сад з яго хітраспляценнямі маляўнічых сцежак і тэатр сталі любімым месцам адпачынку гараджан. Арыгінальны будынак тэатра адлюстраваны на фотапаштоўках пачатку ХХ стагоддзя. Нават ёсць фотапаштоўка з выявай плошчы ля гарадскога саду (нічым, дарэчы, не прыкметнай), а вось сам сад, на жаль, ні разу не трапіў у аб’ектыў фатографа, ва ўсякім выпадку, мне такія фота не сустракаліся. На фотаздымку з тэатрам можна ўбачыць досыць высокія дрэвы (відаць, з тых першых, што былі пасаджаны пры закладцы парку) і невялікую драўляную агароджу.

На карце Оршы, датаванай 1911 годам, гарадскі сад названы скверам.

Праўда, у гады Першай сусветнай вайны ў газеце «Оршанский вестник» ад 9 красавіка 1915 г. была змешчана замалёўка, у якой крытыкаваліся адносіны мясцовых улад і гараджан да парку: «Наш прыгожы гарадскі сад згубіў сваё значэнне месца для адпачынку і прагулак з таго часу, як узведзены будынкі кінематографа і гарадскога пасажу… Публіка наша зусім закінула наш муніцыпальны парк…»

Па ўспамінах краязнаўца Васіля Касперскага, у 1920-я гады на адрэзку, абмежаваным вуліцамі Герцэна (былы Дняпроўскі завулак) і Камсамольскай (былой Магілёўскай), стаялі два будынкі – гарадскі тэатр, рэдакцыя і друкарня газеты «Камуністычны шлях». Паміж імі быў уваход у гарадскі сад.

У пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў выніку бамбёжкі тэатр згарэў. Падчас нямецка-фашысцкай акупацыі многія дрэвы ў парку былі высечаны. Уваход у парк быў забаронены, пэўны час там размяшчалася нямецкая зенітная батарэя. На тэрыторыі парку былі пахаваны сотні савецкіх ваеннапалонных, якіх закатавалі ў турме. Пра гэта можна даведацца з «акта Аршанскай гарадской камісіі аб знішчэнні мірных грамадзян г. Оршы нямецка-фашысцкімі захопнікамі ад 20 верасня 1944 года». Які далейшы лёс тых магіл, на жаль, невядома.

Пасля вызвалення Оршы ад нямецка-фашысцкіх за­хопнікаў (27 чэрвеня 1944 года) у парку было пахавана больш за сто савецкіх воінаў, якія загінулі ў баях за вызваленне горада. Тут жа былі пахаваны палкоўнікі Чырвонай Арміі Аляксандр Ашуйка і Васіль Кіласанідзе. У 1957 годзе над брацкім пахаваннем ўсталяваны абеліск, побач высаджаны блакітныя елкі.

Гарадскім садам парк называўся да канца 1950-х гадоў, калі быў перайменаваны ў парк культуры і адпачынку імя Ленінскага камсамола.

У пачатку 1950-х гадоў вакол саду была ўзведзена мураваная агароджа. Тады ж уваход у парк быў выраблены ў выглядзе фігурнай аркі ў стылі «сталінскі ампір».

На фотаздымках 1950-х гадоў бачна, што парк густа зарослы. Відаць, гарадскія ўлады ўдзялялі парку недастаткова ўвагі. Магчыма, таму Уладзімір Караткевіч у вершы «Орша» (1955 г.) называе парк «змарнелым».

У 1948 годзе на цэнтральнай алеі быў усталяваны бетонны помнік Іосіфу Сталіну. У 1961 годзе на хвалі барацьбы з культам асобы на пастаменце «бацьку народаў» змяніў У. І. Ленін. У пачатку 1990-х гадоў, калі ў горадзе дэманціравалі помнікі стваральніку Каму­ністрычнай партыі і Савецкай дзяржавы, якія не ўяўлялі гістарычнай і мастацкай каштоўнасці, помнік быў з парку вывезены.

Звычайна сезон у парку пачынаўся ў пачатку мая. У другой палове 1950-х гадоў тут былі летні тэатр (у ім працаваў лекторый, дэманстраваліся кінафільмы), танцпляцоўка (часам, калі на ёй іграў духавы аркестр, то заглушаў выступаючых у летнім тэатры), пнеўматычны цір, на Аршыцы працавала лодачная станцыя. На алеях былі размешчаны стэнды з нагляднай грамадска-палітычнай і сацыяльна-эканамічнай агітацыяй. Меліся сталы з настольнымі гульнямі, падшыўкамі газет і часопісаў. Карацей кажучы, парк выконваў важную ідэалагічную функцыю выхавання насельніцтва.

У чэрвені 1961 года ў заходнім баку парку быў уведзены ў эксплуатацыю новы летні тэатр на 500 месцаў, на сцэне якога выступалі лектары, прафесійныя і сама­дзейныя артысты. У ліпені 1967 года, калі ўрачыста адзначалася 900-годдзе Оршы, у летнім тэатры была арганізавана выстава прадукцыі ар­шан­скіх прамысловых прад­прыемстваў. Гэта можна ўбачыць у дакументальным фільме, знятым тады кінастудыяй «Кіравец».

У 1950-1970-х гадах у парку былі ўсталяваны некалькі атракцыёнаў: ланцуговая карусель «Віхор», арэлі-лодачкі, горкі. Іх памятаюць аршанцы старэйшага і сярэдняга ўзросту.

Напрыканцы 1990-х – пачатку 2000-х гадоў адбылася карэнная рэканструкцыя парку: агароджа была знесена, захавалася толькі арка, дэмантаваны атракцыёны, знесены летні тэатр і будынкі, што меліся на тэрыторыі парку. Дарожкі і месцы, дзе былі атракцыёны, былі забрукаваны пліткай, усталяваны розныя дэкаратыўныя канструкцыі, разбіты альпійскія горкі.

27 верасня 2010 года, калі ладзілася свята гарадоў-пабрацімаў у гонар Міжнароднага дня міру, у парку была закладзена Алея міру. На цэнтральнай алеі з’явіліся пліты з назвамі і гербамі гарадоў-пабрацімаў Оршы.

На мой погляд, 150-гадовы юбілей гарадскога парку трэба адзначыць нейкім мемарыяльным знакам. Не хапае тут і так званай паркавай скульптуры.

У заключэнне хочацца прывесці словы выдатнага расійскага вучонага, акадэміка Дзмітрыя Ліхачова: «…Паркі каш­тоўныя не толькі тым, што ў іх ёсць, але і тым, што ў іх было. У парках нават паветра не фізічнае, а духоўнае, гэта паветра гісторыі».

В. ЛЮТЫНСКІ.

Фота С. СЛЯПЦОВА і архіўныя здымкі.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.