Міжнародны пленэр і конкурс ганчароў праходзяць у Копысі

Ужо чацвёрты раз у гарадскім пасёлку Копысь Аршанскага раёна праходзіць міжнародны пленэр народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і конкурс ганчароў “Гліна спявае”.

У маляўнічым куточку на беразе Дняпра сабраліся больш за 25 аматараў і прыхільнікаў народнай творчасці. У пленэры прымаюць удзел майстры народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, дамоў і цэнтраў рамёстваў, устаноў культуры клубнага тыпу і дзіцячых школ мастацтваў з усіх куткоў нашай краіны, а таксама з горада Смаленска Расійскай Федэрацыі.

Адметна, што ў гэтым годзе, як і ў мінулым, акрамя майстроў, якія працуюць з глінай шмат гадоў, на пленэр прыехалі і зусім маладыя людзі, якія з’яўляюцца пераемнікамі гэтага ўнікальнага і старажытнейшага майстэрства нашай краіны – ганчарства.

Праграма пленэру вельмі насычаная. На працягу чатырох дзён праходзілі выставы работ майстроў народнага дэкаратыўны-прыкладнога мастацтва, семінары-практыкумы, майстар-класы народных мастацкіх рамёстваў, конкурсныя праграмы, у тым ліку конкурс ганчароў “Гліна спявае”.

Конкурс складаўся з дзвюх частак. У першы дзень пленэру кожны з удзельнікаў прапанаваў на конкурс сваю ўласную хатнюю калекцыю з керамікі, а затым на працягу трох дзён у рэжыме рэальнага часу, выкарыстоўваючы асабістыя інструменты, майстры стваралі работы з гліны. Якія толькі вырабы не выходзілі з-пад іх рук – цудоўныя свістулькі, цацкі, посуд.

Творчыя спаборніцтвы праходзілі ў пяці намінацыях. Ацэньвала конкурсныя работы прафесійнае журы, у складзе якога доктар мастацтвазнаўства, прафесары і дацэнты, члены Саюза мастакоў Беларусі. Кампетэнтнаму журы трэба вызначыць лепшую хатнюю калекцыю, ганчарны посуд, выраб дэкаратыўнай глінянай пластыкі, гліняную цацку, а таксама пераможцаў у намінацыі “Захаванне і развіццё ганчарскіх традыцый”.

Кожны пленэр вылучаецца пэўнай асаблівасцю, і гэты таксама не выключэнне. У гэтым годзе на вуліцы зрабілі печ для абпалу керамічных вырабаў. Было шмат зацікаўленых паглядзець майстар-клас, як робіцца вулічная печка, выкладкай якой займаліся майстры-прафесіяналы.

На працягу ўсіх дзён конкурсу панавала сяброўская атмасфера, бо пленэр – гэта не толькі магчымасць сустрэцца, абмяняцца вопытам, ідэямі, гэта і сапраўныя эмоцыі, і доўгачаканыя сустрэчы. А яшчэ захаванне і адраджэнне народных традыцый, пераемнасць пакаленняў, сяброўскія адносіны і сувязь паміж майстрамі.

Пераможцаў конкурсу ўнагародзяць у суботу падчас урачыстага закрыцця пленэру.

Вольга ЦІХАНАВА.
Фота аўтара.


 

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.