Беларуская энергетыка пачыналася на Аршаншчыне
9 ліпеня 1927 года па ленінскаму плану ГАЭЛРО ў раёне вёскі Арахі разгарнуліся работы па будаўніцтве першынца энергетыкі Беларусі – БелДРЭСа (Асінбуд).
Станцыя ўзводзілася ў вельмі складаных умовах, усе работы ў асноўным вяліся ўручную. Нягледзячы на гэта яна была пабудавана ў кароткі тэрмін і ў дні святкавання XII гадавіны Вялікага Кастрычніка дала прамысловы ток прадпрыемствам Віцебскай і Магілёўскай абласцей. Гэта адыграла надзвычай важную ролю ў сацыялістычнай перабудове прамысловасці Паўночна-Усходняй часткі Беларусі.
У перадваенныя гады нарошчвалася магутнасць БелДРЭСа, паляпшаліся тэхніка-эканамічныя паказчыкі, павышалася надзейнасць работы абсталявання.
У гады акупацыі Беларусі станцыя была разбурана фашыстамі – катлы ўзарваны, турбіны і электрычнае абсталяванне вывезена. Жылыя будынкі пасёлка былі разбураны, а Палац культуры і школа ператвораны акупантамі ў канюшні.
У пасляваенныя гады БелДРЭС перажыў другое нараджэнне. У верасні 1946 года намаганнямі калектываў электрастанцыі і мантажных арганізацый быў уведзен у эксплуатацыю першы турбагенератар, а ў снежні 1951 года электрастанцыя была поўнасцю адноўлена на новай тэхнічнай аснове, ператварыўшыся ў энергетычнае прадпрыемства з высокай ступенню механізацыі і аўтаматызацыі.
Вялікую ролю адыграў БелДРЭС у падрыхтоўцы кадраў для растучай энергетыкі Беларусі. Няма, бадай, ніводнай электрастанцыі ў Беларусі, дзе б не працавалі яго выхаванцы.
Рыхтуючы дастойную сустрэчу 50-годдзю Савецкай улады, наш калектыў узяў на сябе павышаныя сацыялістычныя абавязацельствы. Дзесяцімесячны план па выпрацоўцы электраэнергіі рашано завяршыць да 28 кастрычніка. За гэты час калектыў абавязаўся атрымаць 30 тысяч рублёў звышпланавага прыбытку, зберагчы 100 тон умоўнага паліва, на 150 тысяч кілават-гадзін скараціць выдатак энергіі на ўласныя патрэбы.
Энергетыкі верныя сваім абавязацельствам. Паўгадавы план па выпрацоўцы электраэнергіі выпрацаван са значным перавышэннем. За паўгоддзе сэканомлена 87 тон умоўнага паліва. Атрымана 35 тысяч рублёў звышпланавага прыбытку.
Дакладна і зладжана працуюць калектывы электрычнага, кацельнага, турбіннага цэхаў. Сярод скразных змен вызначаюцца змены дзяжурных інжынераў Г. Фядосава і К. Кавалёва. У дасягнутых поспехах ёсць нямалы працоўны ўклад слесараў электрацэха тт. Калодзежнага, Купавы, Шкацёнка, Свірыдзенка, Шастакова, начальніка змены турбіннага цэха т. Дзмітрыевай, машыністаў турбін тт. Пінчука, Лапкова і многіх іншых.
Л. СІДАРЭНКА,
дырэктар БелДРЭСа.
“Ленінскі прызыў”, № 106 (10.271), 7 ліпеня 1967 года
Падрыхтавала В. Мільто.