Гісторыя паходжання вуліц аграгарадка Смальяны
Шаноўныя чытачы, прапануем вашай увазе матэрыял, звязаны з гісторыяй славутага аграгарадка Смальяны, які ў гэтым годзе стане сталіцай раённых «Дажынак». Сёння мы раскажам вам гісторыю паходжання вуліц аграгарадка.
У сучасным аграгарадку Смальяны налічваецца 26 вуліц і адна плошча. Вуліца Аршанская называецца па геаграфічным месцазнаходжанні. Яна скіравана да Лепельскай дарогі, па якой мясцовыя жыхары дабіраюцца ў горад Оршу. Вуліца Васілёнкаўская атрымала сваю назву ад груп сямей з прозвішчамі Васілёнкі, якія раней жылі на гэтым месцы. Вуліца Віцебская раней выкарыстоўвалася ў якасці прамой дарогі да горада Віцебска. Зараз гэтай дарогай жыхары аграгарадка ўжо не карыстаюцца, але можна дакладна сцвярджаць, што яна мае накірунак на поўнач, дзе адносна Смальян і знаходзіцца наш абласны цэнтр. Вуліца Ганышаўская называецца так таму, што вядзе да вёскі Ганышава.
Вуліца Горная, сучасная назва вуліцы Галадранкі (народная назва), атрымала сваю назву ад таго, што знаходзіцца на гары. А вось Галадранкай яе называлі з часоў калектывізацыі праз тое, што на ёй жылі бедныя людзі, якіх часта называлі «галадранцамі». Па другой версіі, якая вельмі блізкая да першай, вуліцу называлі Галадранкай таму, што ў часы калектывізацыі (30-я гады ХХ ст.) людзі пераязджалі з хутароў на сталае месца жыхарства ў неабжытае месца. Дарэчы, жыхары сучаснага аграгарадка сталага ўзросту ведаюць гэту вуліцу як Галадранку. І калі зрэдку ў жыхароў пытаюцца госці аграгарадка, то назву Горная могуць падказаць адзінкі, а Галадранку ведаюць 95 % жыхароў сучаснага аграгарадка.
Вуліца Тамаша Зана названа ў знак памяці нашага славутага паэта-рамантыка, які ў свой час кіраваў тайнымі таварыствамі філаматаў і філарэтаў падчас вучобы ў Віленскім універсітэце. Выгнаннік пахаваны на каталіцкіх могілках у Смальянах, а вуліца паказвае шлях да іх. Вуліца Лугавая атрымала сваю назву таму, што ідзе ўздоўж лугу. Вуліца Сяргея Міхайлавіча Міта названа ў гонар Героя Савецкага Саюза. Вуліцы Слабада і Слабада 1 знаходзяцца ў раёне размяшчэння Аляксееўскай царквы. У феадальную эпоху даволі пашыранымі былі слабоды і слабодкі – паселішчы, якія на пэўны час вызваляліся ад падаткаў і павіннасцей. На працягу ХVІІ – ХVІІІ стагоддзяў яны страцілі сваю спецыфіку і перайшлі ў разрад звычайных вёсак або зліліся з гарадамі.
Вуліца Студэнцкая названа так таму, што вядзе да Смальянскага сельскагаспадарчага каледжа. На вуліцы Школьнай раней знаходзілася школа. Вуліца Заручэўская атрымала сваю назву ад назоўніка заручыны. У народзе гэту вуліцу раней называлі Вясёлай, таму што на ёй жылі шумныя людзі, якія маглі весяліцца доўгі час. На вуліцы Дамініканскай знаходзіцца дамініканскі касцёл Святой Марыі.
Вуліца Замкавая атрымала сваю назву ад таго, што на ёй размешчаны замак «Белы Ковель». Вуліца Лясная раскінулася каля лесу.
Вуліца Маладзёжная атрымала сваю назву ад таго, што пасля ўзвядзення на ёй новых дамоў засялялася маладымі сем’ямі. Вуліца Міру называецца ў знак міралюбівай палітыкі дзяржавы. Вуліца Набярэжная ідзе паралельна рацэ Дзярноўцы, уздоўж яе берага. Вуліца Надрэчная атрымала сваю назву ад таго, што знаходзіцца каля рэчкі Дзярноўка. Вуліца Палявая ідзе ўздоўж поля. Вуліца Паркавая – уздоўж парку. На вуліцы Паштовай знаходзіцца паштовае аддзяленне сувязі. Вуліца Плігаўская атрымала сваю назву ад птушкі плігаўкі, якая водзіцца ў гэтых мясцінах каля рэчкі Дзярноўкі. Іншая версія паходжання ідзе ад назвы танца (скоку ў ім). Вуліца Садовая ідзе ўздоўж саду.
На вуліцы Спаса-Праабражэнскай знаходзіцца Спаса-Праабражэнская царква. Вуліца Талачынская атрымала сваю назву па геаграфічным месцазнаходжанні: яна скіравана на дарогу, па якой можна трапіць у горад Талачын. Базарная плошча атрымала сваю назву таму, што на ёй праводзяцца кірмашы. Гэта сучасны цэнтр аграгарадка Смальяны, а ў былым – цэнтр старажытнага мястэчка, дзе знаходзіліся крамы, хлебапякарня, паграбы (падвалы).
Такім чынам, можна зрабіць выснову, што мясцовым жыхарам варта ведаць гісторыю паселішча, дзе ім давялося жыць. Знаўцы гісторыі роднага краю могуць пры неабходнасці аказаць паслугу гасцям аграгарадка.
Д. ЗАКРЭЎСКІ, вучань Х класа,
В. МЯЖЭВІЧ,
кіраўнік аб’яднання па інтарэсах «Спадчына» Смальянскай сярэдняй школы.
Фота Вольгі ЦІХАНАВАЙ.