У Копысі ўпершыню прайшоў фолк-фэст «Купальскія таямніцы» | фота

У рамках рэспубліканскага свята «Александрыя збірае сяброў» у гарадскім пасёлку Копысь на Пятроўскім валу ўпершыню прайшоў фолк-фэст «Купальскія таямніцы».

Для гасцей свята было арганізавана шмат тэматычных, забаўляльных і інтэрактыўных пляцовак з праходжаннем квэсту.

Майстар-клас па пляценні славянскіх абярэгаў праходзіў на пляцоўцы «Купальскі абярэг». Любы жадаючы мог сваімі рукамі змайстраваць сабе абарону ад дрэнных сноў, кашмараў і злых духаў або сплесці чырвоную нітку ад суроцы. Таксама можна было сплесці сабе з розных траў купальскі вянок. І ўсё гэта суправаджалася жывой музыкай.

На пляцоўцы «Свавольствы нечысці» сельскія ўстановы культуры Аршанскага раёна арганізавалі цэлы тэатралізаваны паказ, гульні і выпрабаванні з нячыстай сілай. Можна было прымерыць на сябе вобраз Ведзьмы, зварыць зелле, прайсці квэст і паспрабаваць адшукаць папараць-кветку.

Паспрабаць свае сілы ў рыцарскіх паядынках, навучыцца сярэдневяковым танцам і прайсці паласу перашкод госці свята маглі на пляцоўцы «Рыцарскі шлях» клуба гістарычнай і ролевай рэканструкцыі «Ростань» Дома культуры Болбасава. А ў лаўцы траўніцы адгадаць загадкі і па паху распазнаць лекавыя расліны. Працавала і пляцоўка гульнятэкі, дзе трэба было праявіць кемлівасць, увагу і логіку ў настольных гульнях.

У свяце таксама прыняў дзел Аршанскі Дом рамёстваў з выставай вырабаў з лазы, керамікі, роспісу па дрэве, абрэзкавага шыцця, упрыгожванняў з бісеру.

На пляцоўцы Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы “Кніжныя таямніцы” можна было навучыцца напісанню гусіным пяром літар стараславянскага шрыфтам. Таксама праходзілі майстар-класы па вырабе купальскіх бранзалетаў з кветак і лісця, сімвала Копысі – зайчыка, і канечне, сімвала свята Купалля – папараць-кветкі. Працавалі кніжная выстава і гульні для дзяцей.

А яшчэ ўсе жадаючыя маглі паспрабаваць яечню, прыгатаваную на калодзе. Усё свята суправаджалася тэатралізаванай праграмай, якую падрыхтаваў Дом культуры Арэхаўска і канцэртнай праграмай з удзелам народнага ансамбля народнай песні «Славяначка» Дома культуры чыгуначнікаў, народнага ансамбля народнай музыкі і песні «Гагарынскія музыкі» і народнай фальклорнай групы «Аршаначка» Аршанскага раённага Цэнтра культуры.

Пляцоўку на Пятроўскім валу наведаў і старшыня Аршанскага райвыканкама Ігар Мароз.

Вольга ЦІХАНАВА.
Здымкі Настассі ТУРОК.


Поўная перадрукоўка тэксту і фатаграфій забаронена. Частковае цытаванне дазволена пры наяўнасці гіперспасылкі.